Заснаваць няўрадавую арганізацыю ў Польшчы стане лягчэй
Змяніўся закон «Аб аб′яднаннях», які рэгулюе справы звязаныя з рэгістрацыяй і дзейнасцю няўрадавых арганізацыяў.
Цяпер, каб заснаваць арганізацыю, трэба будзе сабраць толькі 7 чалавек, раней гэта было ажно 15.
Суд замест трох месяцаў мае 7 дзён на разгляд заявы аб рэгістрацыі. Рэгістарцыя і ўнясенне зменаў у статут аб′яднання цяпер будуць бясплатнымі.
Беластоцкі магістрат рыхтуе цыкл сустрэчаў для тых, хто хоча заснаваць сваю арганізацыю, або ўжо з’яўляецца сябрам нейкага аб’яднання, кажа віцэ-прэзідэнт Беластока Рафал Рудніцкі:
— Адзін элемент — гэта арганізацыя адкрытых інфармацыйных семінараў, другі — гэта праца кансультацыйнага пункту, дзе прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў змогуць атрымаць канкрэтныя інфармацыі на тэму гэтых зменаў, і трэці — кірмаш сацыяльнай эканоміі, дзе таксама будзе працаваць кансультацыйна-інфармацыйны пункт.
Кожны, хто хоча даведацца больш пра змены ў законе «Аб арганізацыях», можа прыйсці да сядзібы Асяродка падтрымкі няўрадавых арганізацыяў па вуліцы Модлінскай, 6. Інфармацыйны пункт будзе працаваць да 12 жніўня.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток