Затрымана партыя нелегальных цыгарэт на суму каля 5 млн. злотых



Польскія службы затрымалі партыю 6,4 мільёнаў цыгарэт на суму каля пяці мільёнаў злотых. Аперацыя адбылася ў Шлёнску, былі затрыманыя пяць чалавек, у тым ліку грамадзянін Германіі.

Паведамляе прэсавы афіцэр падляшскага аддзялення Падатковай адміністрацыі – Мацей Чарнэцкі:

– Супрацоўнікамі Цэнтральнага следчага бюро паліцыі, паліцэйскімі з Валоміна, супрацоўнікамі падляшскага аддзялення Падатковай адміністрацыі і Падляшскага памежнага аддзелу было ўстаноўлена, што партыя тытунёвых вырабаў без польскіх акцызных марак павінна трапіць у Польшчу з адной з краін Заходняй Еўропы. Польскія службы правялі аперацыю ў Шлёнскім ваяводстве. Калі супрацоўнікі службаў прыбылі на месца, 5 мужчын разгружалі прычэп грузавіка з 12 паддонамі з кардоннымі скрынкамі, у якіх знаходзіліся нелегальныя цыгарэты. Яшчэ 4 паддоны нелегальных цыгарэт былі знойдзены на тэрыторыі.

Усім затрыманым выставілі абвінавачанні, якія датычаць падатковых правапарушэнняў. Ім пагражае штраф і нават да пяці гадоў пазбаўлення волі. Двое мужчын трапілі пад арышт на тры месяцы, а трое застаюцца на свабодзе.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: podlaskie.kas.gov.pl