Затрыманы беларус, які перавозіў нелегальных мігрантаў
За мінулыя суткі польска-беларускую мяжу спрабавалі нелегальна перасекчы 10 чалавек. Як паведамілі польскія памежнікі, на ўчастку памежнай заставы ў Дубічах Царкоўных група з васьмі чалавек (грамадзяне Сірыі і Індыі) разрэзала калючы дрот. У бок польскіх службаў ляцелі камяні. Усе нелегалы затрыманыя.
З пачатку года памежная служба зафіксавала амаль 1300 спроб незаконнага перасячэння мяжы з Беларусі ў Польшчу.
Акрамя таго, днём раней у гміне Мілейчыцы паліцыя затрымала машыну Opel на гайнаўскіх нумарах для праверкі. За рулём аўтамабіля знаходзіўся 36-гадовы грамадзянін Беларусі. Падчас праверкі ў машыне знайшлі яшчэ трох чалавек – грамадзян Сірыі, якія нелегальна перайшлі мяжу. Кіроўца затрыманы, нелегалаў перадалі памежнай службе. Дадам, што за дапамогу ў незаконным перасячэнні мяжы можа пагражаць да васьмі гадоў зняволення.
Фота: Wojtek Jargiło /PAP