Баі ва Украіне – па ўсім фронце (абноўлена)
Пятро Парашэнка з прычыны складанай сітуацыі на Данбасе вырашыў скараціць свой візіт у Швейцарыю. І плануе сёння вярнуцца ва Украіну. Паводле плана, Парашэнка меў выступіць на сесіі «Будучыня Украіны» ў рамках Сусветнага Эканамічнага форуму ў Давосе.
Пад агнём расейскіх танкаў і артылерыі ўкраінскія войскі вымушаны былі пакінуць 31-ы блок-пост, што на Бахмуцкай трасе ў Луганскай вобласці. Яны адступілі на запасныя апорныя пункты. Баі ў раёне Бахмуткі працягваюцца. Пра гэта ў эфіры тэлеканала ТСН паведаміў адзін з вайскоўцаў:
– Былі танкі. Здаецца, працавалі нават „Смерчи”. І мінамёты былі – яны ўжо стандартная рэч тут, бо абстрэлы ідуць.
Інтэнсіўныя перастрэлкі адбываліся таксама ў раёнах Данецка і Марыупаля. У аэрапорце Данецка ў выніку баявых дзеянняў цалкам знішчаная узлётна-пасадачная паласа. Жорсткія баі там увесь час працягваюцца.
Як піша УНІАН, з часу падпісання менскіх дамоўленасцяў у верасні мінулага года прарасейскія баевікі захапілі паўтысячы квадратных кіламетраў украінскай тэрыторыі.
* * *
Найбольш складаная сітуацыя па ранейшаму ў раёне Данецкага аэрапорту. Кожны з бакоў заяўляе пра кантроль над гэтым стратэгічным аб’ектам.
Тым часам адбываецца эвакуацыя мірнага насельніцтва з пасёлку Пескі паблізу Данецка.
Як адзначае украінскі палітолаг Яраслаў Чарназуб, эскалацыя канфлікту на Данбасе звязаная непасрэдна з нежаданнем Расейскага кіраўніцтва прыпыняць канфлікт.
– Актывізацыя ці заспакаенне на Усходзе Украіны будзе залежыць толькі ад аднаго чалавека – ад Пуціна. І яго настрой, яго думкі адбіваюцца на актыўнасці баявых дзеянняў. Відавочна, што гэтым Пуцін хоча паказаць Захаду, што ўсе тыя намаганні, якія яны здзяйсняюць з’яўляюцца марнымі і невыніковымі. Такім чынам ён хоча паказаць, што Захад мог бы пайсці на саступкі Пуціну, інакш будзе эскалацыя гвалту і баявых дзеянняў.
У першай палове студзеня планаваліся перамовы аб урэгуляванні сітуацыі на Ўсходзе Украіны. З прычыны адмовы расейскага боку перамовы гэтак і не адбыліся.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
Фота newstes.ru