Завяршаецца рэканструкцыя пунктаў пропуску на мяжы з Латвіяй
Рэканструкцыя аўтадарожнага пункта пропуску „Урбаны” будзе завершаная ў 2020 годзе, „Верхняга Церабяжова” — у першым паўгоддзі 2021-га, паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі.
„Зараз ажыццяўляецца поўнамаштабная рэканструкцыя аўтадарожнага пункта пропуску „Урбаны”, размешчанага на беларуска-латвійскім участку мяжы. Новая інфраструктура пункта пропуску дазволіць павялічыць праектную прапускную здольнасць з 270 аўтамабіляў на суткі да 1.000″, — гаворыцца ў паведамленні ведамства.
У межах рэканструкцыі будзе пашыраны ўчастак дарогі з сумежным бокам да трох палос у кожным кірунку, што, як адзначае прэс-служба ДМК, дазволіць ліквідаваць эфект „бутэлечнага горла”, а таксама прадугледжваецца павелічэнне колькасці каналаў афармлення да васьмі на ўезд і шасці на выезд, узвядзенне новага адміністрацыйнага будынка, бокса паглыбленага надгляду, інспекцыйна-надгляднага комплексу.
Гатоўнасць аб’екта на сёння складае больш за 80%. „У студзені будуць уведзеныя ў эксплуатацыю будынкі і збудаванні, што дазволіць перавесці на новыя працоўныя месцы службовых асоб, якія ажыццяўляюць свае дзяржаўныя кантрольныя функцыі ў пункце пропуску. Новая інфраструктура створыць больш камфортныя ўмовы і для грамадзян, якія перасякаюць мяжу”, — паведамляе ДМК.
Запланаваны тэрмін уводу пункта пропуску ў эксплуатацыю — 4-ты квартал 2020 года.
Працягваецца таксама рэканструкцыя аўтадарожнага пункта пропуску „Верхні Церабяжоў” на беларуска-ўкраінскім участку мяжы.
Праектам, паведамляе прэс-служба, прадугледжваецца рэканструкцыя дзейнага пункта для павелічэння яго прапускной здольнасці за кошт удасканалення тэхналогіі мытнага надгляду і тэхнічнага абсталявання, а таксама паляпшэння ўмоў працы службаў, якія ажыццяўляюць функцыі дзяржаўнага кантролю грамадзян, транспартных сродкаў і грузаў, што перасякаюць мяжу. Запланаванае павелічэнне каналаў афармлення да шасці на ўезд і шасці на выезд.
У гэтым пункце пропуску ўжо пабудаваны новы службова-вытворчы будынак мытных і памежных службаў з залай надгляду пасажыраў і афармлення грузавога аўтатранспарту, будынак службаў санітарнага, ветэрынарнага і фітакантроля з боксам паглыбленага надгляду. Гатоўнасць аб’екта перавышае 40%.
Праектная прапускная здольнасць пункта пропуску „Верхні Церабяжоў” павялічыцца ў 3,5 разу: да 900 транспартных сродкаў на суткі. Рэканструкцыю плануецца завяршыць у першым паўгоддзі 2021 года.