Заява БНП адносна сітуацыі ў ТБК (абноўлена)
Ініцыятыва „Беларуская Нацыянальная Памяць” зрабіла заяву ў сувязі з канфліктнай сітуацыяй вакол Таварыства Беларускай Культуры ў Літве. Напрыканцы верасня мінулага года Рада Таварыства прыпыніла паўнамоцтвы шматгадовага старшыні Хведара Нюнькі, да якога ўзніклі пытанні маёмаснага характару.
Кажа старшыня ініцыятывы Анатоль Міхнавец:
– Зараз у літоўскай пракуратуры ідзе разбіральніцтва ў гэтай справе. Для слухачоў патлумачу, што мы шмат кажам пра “Беларускую Вільню”, там было шмат беларускай маёмасці ў міжваенны час, але частка была згублена, частка знікла, шмат пра што невядома наогул, які юрыдычны стан. Вось зараз ёсць магчымасць вярнуць два дамкі з зямлёй у цэнтры Вільні, сённяшні кошт якіх каля двух мільёнаў еўра.
Анатоль Міхнавец заклікае да наведвання сходу Таварыства Беларускай Культуры ў Вільні, які адбудзецца 17 студзеня а 14-ай гадзіне ў Доме нацыянальных меншасцяў.
„Мы ўсе любім апавядаць пра „Беларускую Вільню”, дык давайце зробім так, каб яна была і развівалася. Спынім сваркі, навядзем парадак і будзем адраджаць нашую спадчыну”, – чытаем у заяве “Беларускай Нацыянальнай Памяці”.
Заява Беларускай Нацыянальнай Памяці (БНП) адносна сытуацыі ў ТБК
29 верасня 2014 года на пасяджэнні Рады Таварыства Беларускай Культуры ў Літве было прынята рашэнне прыпыніць паўнамоцтвы Старшыні ТБК сп. Хведара Нюнькі. Сябрам ТБК сталі вядомыя факты, якія могуць сведчыць пра магчымыя злоўжыванні з маёмасцю арганізацыі, што і стала прычынай для падобнага рашэння Рады арганізацыі. Па фактах злоўжыванняў пракуратура Літоўскай Рэспублікі праводзіць следства.
На працягу апошніх месяцаў мы атрымоўвалі лісты, якія датычаць гэтай справы, дзе падаюцца розныя факты і абвінавачванні. У беларускай грамадзе паўстала канфліктная сітуацыя, якая можа скончыцца вялікай сваркай і дыскрэдытацыяй беларускага руху. Заклікаем усіх, хто зацікаўлены ў атрыманні праўдзівай інфармацыі, якая датычыць гэтай справы ў Вільні, і мае магчымасць наведаць агульны сход ТБК, што адбудзецца 17 студзеня а 14-ай гадзіне ў Доме нацыянальных меншасцяў па вуліцы Раўгіклос, 25 у Вільні.
На агульным сходзе ТБК будуць прадстаўлены дакуманты і сведчанні. Гэта крок, які дае магчымасць паставіць кропку і спыніць сваркі.
Беларусы! Зараз ёсць рэальная магчымасць, каб згубленая маёмасць была вернутая Таварыству Беларускай Культуры ў Літве. Мы ўсе любім апавядаць пра „Беларускую Вільню”, дык давайце зробім так, каб яна была і развівалася. Спынім сваркі, навядзем парадак і будзем адраджаць нашую спадчыну.
Беларуская Нацыянальная Памяць