Збігнеў Нікітаровіч: Трэба з павагай працягваць традыцыі І Рэчы Паспалітай



Абяцае бараніць правы нацыянальных меншасцяў і падкрэслівае сваю падтрымку з боку праваслаўнага асяроддзя.

Гаворка пра Збігнева Нікітаровіча, які на парламенцкіх выбарах у Польшчы вылучаецца ў Сенат ад “Грамадзянскай кааліцыі” ў выбарчай акрузе №60. На сёння ён працуе намеснікам прэзідэнта Беластоку, і кажа, што ўпэўнены ў сваёй перамозе.

– Сенат паводле сваёй традыцыі апякуецца Палоніяй. Але я лічу, што Сенат таксама павінен займацца пытаннямі нацыянальных меншасцяў на тэрыторыі Польшчы, у тым ліку беларускай, праваслаўнай меншасці. Гэта павінна быць адной з дамінантаў працы. Сенат – гэта палата, у якой менш сварак, але больш разважлівасці і павагі. І трэба з павагай працягваць традыцыі Першай Рэчы Паспалітай, у Сенаце якой засядалі і католікі, і праваслаўныя, людзі розных нацыянальнасцяў.

Сёння апошні дзень агітацыйнай выбарчай кампаніі ў Польшчы. У суботу, 12 кастрычніка, абавязвае выбарчая цішыня, а ў нядзелю, 13 кастрычніка – парламенцкія выбары. Хоць безумоўным лідарам усіх сацыялагічных даследаванняў ёсць кіроўная партыя “Права і Справядлівасць”, аднак невядома, ці будзе яна мець у новым складзе парламенту канстытуцыйную большасць.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя