Зборшчыкаў чарніц правяраюць на каронавірус



Украінцаў і беларусаў, якія збіраюць чарніцы на Сакольшчыне, правяраюць на каронавірус.

Каля 2000 тысяч асобаў з-за мяжы, пераважна з Украіны і Беларусі, якія прыязджаюць на сезонныя працы па нарыхтоўцы чарніц у Белаусах і Слуйцы, будуць праходзіць праверку на каронавірус у межах акцыі, якая праводзіцца з удзелам санітарна-эпідэміялагічнай службы, войскаў тэрытарыяльнай абароны, кіраўніцтва ваяводства ды інш. Мазкі збіраюць байцы 1-й брыгады Падляшскай тэрытарыяльнай абароны. Праверка працягваецца ўжо некалькі дзён. 

Уладальнік гаспадаркі Ежы Вільчэўскі паведаміў, што сезонныя работнікі нарыхтоўваюць чарніцы на плошчы каля 600 гектараў. Гэта адна з найбуйнейшых гаспадарак у Еўропе. Супрацоўнікі збіраюць чарніцы з прыблізна 2,5 мільёнаў кустоў. Сабраныя чарніцы экспартуюцца за мяжу.

На нарыхтоўцы чарніц на гаспадарцы ў Белаусах працуе каля 900 чалавек. Яны жывуць у адмысловых кватэрах у жылых дамах, а да месца дабіраюцца на аўтобусах. Асобныя групы супрацоўнікаў не кантактуюць паміж сабой, а аўтобус пасля кожнай перавозкі – у адпаведнасці з правіламі і інструкцыямі – дэзынфікуецца. Ахоўныя маскі выкарыстоўваюцца толькі кіраўнікамі брыгадаў. Падчас працы захоўваецца сацыяльная дыстанцыя, паінфармаваў Ежы Вільчэўскі.

Паводле Польскага прэсавага агенцтва (PAP)

Фота polsatnews.pl