Здаць на правы можна будзе ў Бельску Падляшскім
У Бельску Падляшскім будуць праводзіць дзяржаўныя экзамены на вадзіцельскія правы, дзе адкрыецца аддзяленне Ваяводскага асяродка дарожнага руху. Такое рашэнне прыняў Соймік Падляшскага ваяводства.
Кажа дырэктар Ваяводскага асяродка дарожнага руху ў Беластоку Міхал Марцін Фрэіно:
– Гэта мы нясем поўную фінансавую рызыку, гэта мы ўкладаем свае сродкі. WORD фінансуецца самастойна, таму ні маршалак, ні ваяводскае кіраўніцтва ніводнага злотага ў гэта не дадаюць. Бярэм на сябе рызыку, але паводле нашага аналізу зацікаўленасць будзе такой вялікай, што асяродак будзе ў стане сябе ўтрымаць і будзе генераваць даход.
Дзяржаўныя экзамены на вадзіцельскія правы ў Падляшскім ваяводстве праводзяцца ў Беластоку, Ломжы ды Сувалках. Бельскі асяродак зможа пачаць працу з красавіка 2016 г.
Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя