Жана Чарняўская: Вольная Беларусь паўстане ў выніку актыўнай працы дыяспар у ЗША і па ўсім свеце



Некамерцыйная арганізацыя „Беларусы ў Чыкага” была заснавана ў 2011 годзе і мае за мэту падтрымліваць беларускія культуру, мову і гісторыю, а таксама і саміх беларускіх імігрантаў у ЗША. І хаця Беларусь і Чыкага аддзяляе шмат кіламетраў ды розныя часавыя паясы, беларуская дыяспара добра ведае, што адбываецца на Радзіме. Супольнасць адразу рэагуе мерапрыемствамі ды грашовай падтрымкай беларусам, якія пацярпелі ад рэжыму Лукашэнкі ці проста трапілі ў бяду.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка пагутарыла з кіраўніцай беларускай дыяспары ў Чыкага і прэзідэнткай „Асацыяцыі беларусаў Амерыкі” Жанай Чарняўскай пра тое, чым канкрэтна займаецца беларуская дыяспара ў ЗША:

Мяне завуць Жанна Чарняўская, я жыву ў Чыкага з 1997 года. Працую ў школе, я па адукацыі хімік. Скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт – хімічны факультэт. Працавала ў Беларусі ў Акадэміі навук у Інстытуце фізіка-арганічнай хіміі. Жыла трохі ў Расеі, потым трохі ў Францыі, потым зноў у Беларусі. Вандравала вельмі шмат. Потым я стала настаўніцай хіміі і фізікі ў амерыканскай школе – 10-12 класы. З красавіка 2023 года я прэзідэнт „Асацыяцыі беларусы ў Амерыкі” таксама.

РР: Чым зараз жыве дыяспара? Якія асноўныя накірункі дзейнасці?

– Беларуская амерыканская дыяспара вельмі вялікая. Ёсць актыўныя людзі, якія ствараюць арганізацыі, ёсць людзі, якія проста жывуць і не ўдзельнічаюць у жыцці суполак. Суполкі паўстаюць, с 2020 года іх стала нашмат больш. Беларусы працуюць у розных накірунках. Гэта і дапамога палітвязням, гэта і дапамога сем’ям палітвязняў, гэта дапамога добраахвотнікам ва Украіне, гэта праца на будовай культурнага жыцця ў злучаных штатах, гэта таксама дапамога эмігрантам, гэта сувязі з выбарнымі ўладамі, каб данесці праблемы Беларусі і беларускага народу ў свеце.

РР: Якая тэндэнцыя назіраецца? Беларусы працягваюць прыбываць у ЗША?

Прыток эмігрантаў у Чыкага ідзе хвалямі. Да 2020 года ён ішоў паціху, павольна, людзі прыязджалі. Я ведаю, што выйгравалі „Зялёныя карты”, менавіта такім чынам прыязджалі. Пасля 2020 года, адразу не скажу, каб была моцная хваля эміграцыі, паціху людзі прыбывалі таксама. Але самая моцная хваля эміграцыі пайшла ў 2022. Колькі зараз людзей вельмі цяжка сказаць. У нас няма дакладных звестак колькі беларусаў у ЗША ўвогуле. Мы лічым, што 100 тысяч, але гэта толькі здагадкі. Я ведаю, што ў групе „Беларусы ў Чыкага” прыкладна 2800 чалавек. Не ўсе з іх беларусы, якія жывуць у Чыкага, але 80-90% – гэта беларусы Чыкага. Людзі, якія бачаць навіны, якія мы ставім і дзеляцца праз Фэйсбук, праз сацыяльныя сеткі – гэта 2500. Можна сказаць, што ў Чыкага можа быць 15-20 тысяч беларусаў.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Беларускае Радыё Рацыя