Жонка Алеся Бяляцкага правядзе сустрэчы ў Варшаве і Вільні (абноўлена)
Першая сустрэча Наталлі Пінчук адбылася ў Варшаве з прадстаўнікамі амбасадаў. Сустрэчу арганізавалі Амбасада Каралеўства Нідэрлянды ў Польшчы разам з Беларускім Домам. На сустрэчы былі прадстаўнікі амбасадаў Ірляндыі, Швецыі, Румыніі, Канады, Іспаніі, ЗША, Эстоніі, Літвы ды іншых дзяржаваў.
фота Беларускага Дому
***
Жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук на гэтым тыдні правядзе ў Варшаве сустрэчы з польскімі ўладамі, дасць інтэрв’ю польскім СМІ і паўдзельнічае ў святкаванні Дня Волі.
Распавёў арганізатар візіту журналіст „Радыё Свабода” Валер Каліноўскі:
– Самае важнае, гэта вечарына салідарнасці ў Варшаўскім універсітэце. Будзе прадстаўлена яго біяграфічны лёс і здабыткі. Выступяць калегі і сябры, кіраўніцтва ўніверсітэту, польскія і беларускія эксперты, палітолагі. Мы падумаем пра будучыню Беларусі, як мы хацелі б жыць далей. Таксама будуць сустрэчы з прадстаўнікамі польскіх уладаў.
Пра мэты паездкі распавяла Наталля Пінчук:
– У першую чаргу значнасць гэтай падзеі ў тым, каб падняць і актуалізаваць пытанне звязанае з тым, што адбываецца ў Беларусі, з тым, як пакутуюць людзі. Кожны дзень адбываюцца сотні арыштаў, сотні судоў і ўсё гэта не спыняецца пачынаючы з 2020 года. Такое ўражанне, што гэта ўсё больш і больш узмацняецца.
Таксама падобныя сустрэчы адбудуцца ў Наталлі Пінчук у Вільні на наступным тыдні.
Беларускае Радыё Рацыя