Журналісты з Гарадзеншчыны знаёмяцца з Падляшшам



Журналісты з Гарадзеншчыны наведваюць Падляшша. У межах візіту – знаёмства з турыстычным патэнцыялам рэгіёну, жыццём нацыянальных меншасцяў і працай грамадскіх арганізацый.

Расказвае Гражына Сабэцкая з Дэпартаменту супрацы з замежжам Маршалкоўскай управы Падляшскага ваяводства:

Гэта адзін з першых візітаў дэлегацыі журналістаў з Гарадзеншчыны. Гэта супольная ініцыятыва Маршалкоўскай управы Падляшскага ваяводства і Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Гародні. Мы прымаем шасцёх гасцей, прадстаўнікоў такіх выданняў, як “Вячэрні Гродна”, “Газета Слонімская”, часопіса “Мой горад Гродна” і тэлебачання “Гродна-плюс”. Тэматыка вельмі шырокая, гэта і турыстыка, турыстычныя маршруты, беларуская і татарская нацыянальныя меншасці, наперадзе – сплыў па Чарнай Ганчы. Таксама праходзяць сустрэчы з прадстаўнікамі недзяржаўных арганізацый.

 РР: Арганізатары спадзяюцца, што дзякуючы ў тым ліку такім візітам усё больш беларусаў будуць прыязджаць у Беласток і на Падляшша не толькі дзеля пакупак, але і дзеля адпачынку і турыстыкі. Як вы ацэньваеце такія шанцы?

Вітаўт Руднік, рэдактар “Твайго Стылю” з Гародні:

Мне хочацца верыць, што беларусы сапраўды будуць разглядаць Беласточчыну не толькі як месца для шопінгу і закупаў, але і месца, дзе можна пазнаць культурную спадчыну, у тым ліку беларускую спадчыну, спадчыну іншых народаў, з якімі мы заўсёды жылі побач. І ў гэтым сэнсе візіт пакуль спраўджвае свае мэты, таму што нават за першы дзень мы паспелі пабыць у Саколцы, Крынках і Крушынянах, пабачыць розныя культуры, падыходы людзей да таго, як прамаваць сваю культуру, заахвочваць у тым ліку беларусаў прыязджаць сюды.

Галоўны рэдактар “Газеты Слонімскай” Віктар Валадашчук:

Гэты візіт дапамагае пабачыць Падляшша зусім з іншага боку. Я пабачыў рэгіён вельмі разнабакова. Праграма вельмі багатая, і мяне вельмі ўразіў візіт у татарскую мясцовасць Крушыняны. Там адзін чалавек вельмі добра сказаў, што трэба ведаць свае корані, якія ідуць менавіта адсюль, ад гэтага пачынаецца развіццё свайго краю, у тым ліку Падляшша.

РР: На Гарадзеншчыне таксама ёсць што паказаць, татары таксама ёсць на Івейшчыне, ці беларусаў можна нечым здзівіць на Падляшшы?

 Вітаўт Руднік:

Пачну з таго, што беларуса можна і ў Беларусі шмат чым здзівіць, таму што нашыя людзі мала прызвычаеныя вандраваць таксама і па сваім краі. Тут мяне вельмі, напрыклад, здзівіў візіт у лясніцтва. Звычайнае маленькае лясніцтва Пачопэк, якое зрабіла вялікую турыстычную атракцыю, куды з задавальненнем прыедуць і маладыя людзі, і з дзецьмі, і старэйшыя. Гэта паказвае, што калі ёсць чалавек з ідэяй, гаспадар, то можна на роўным месцы стварыць месца прыемнае, здольнае прыцягваць людзей. І гэтым можна здзіўляць беларусаў тут, на Беласточчыне, але таксама і на Гарадзеншчыне, і на Берасцейшчыне. Я б вельмі хацеў, каб падобныя традыцыі пераймаліся і нашымі аграсядзібамі, лясніцтвамі, рознымі фірмамі.

Гражына Сабэцкая:

– Уся праграма пабудавана пад патрэбы журналістаў. Мы яшчэ ў Гародні абмеркавалі ўсе нюансы. Атмасфера цудоўная, людзі адкрытыя, таму спадзяемся і на добрыя эфекты гэтай працы. Наступны візіт журналістаў на Падляшша плануецца ў чэрвені, думаем, што да яго далучыцца ўжо і Берасцейшчына. Мы хочам паказаць поўнач, а таксама і поўдзень нашага рэгіёну, менш вядомы.

Візіт журналістаў з Гарадзеншчыны на Падляшша праходзіць з 16 па 18 сакавіка.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя