Жыхар Херсона: У горадзе расейскія ваенныя, але ўлада – украінская



На сувязі з Беларускім Радыё Рацыя – акупаваны Херсон. Паразмаўляем з жыхаром гэтага горада пра тое, як там сёння выглядае сітуацыя.

Жыхар Херсона: У нас акупацыя, можна сказаць, гібрыдная. З пункту гледжання ваеннага і сілавога, у горадзе знаходзяцца расейскія ваенныя. Яны захапілі будынкі нашых сілавых структур. Жыхары Херсона, якія не пакінулі горад, застаюцца ва Украіне. У нас гарадская ўлада – украінская, інфармацыйная прастора – украінская. У нас кожны дзень праўкраінскія мітынгі ў цэнтры горада на Плошчы Свабоды. І перыядычна гэтыя мітынгі вельмі масавыя. Збіраецца да 10 тысяч чалавек. Праходзім маршам са сцягамі па горадзе. І гэтыя мітынгі паказалі акупантам, што лепш ім не лезці ў нашае жыццё, бо насельніцтва можа паўстаць. Ёсць нейкі парытэт. Яны нас не чапаюць, і мы іх не чапаем. Горад знаходзіцца ў атачэнні. Да нас не даходзяць прадукты і лекі з Украіны.

РР: Ніякага гуманітарнага калідору ў Херсоне няма?

Жыхар Херсона: Гуманітарнага калідору няма, але ў нас няма баёў, у нас даволі спакойна. Людзі карыстаюцца ўласнымі запасамі. У горадзе працуе наш штаб, які ўзяў на кантроль усіх людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Расейцы перыядычна прыходзяць да гарадскіх уладаў з прапановай узяць ад іх гуманітарную дапамогу. Мэр адмаўляецца і яны сыходзяць. Яны нічога не могуць зрабіць. Насельніцтва ў горадзе вялікае і мы паказалі, што мы ўсе – за Украіну.  

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: herson.depo.ua