Жыхарка Чарнігава: Мы верым у нашыя ўзброеныя сілы



Госць Рацыі – жыхарка горада Чарнігава спадарыня Вольга.

РР: Распавядзіце, калі ласка, што ў вас адбываецца ў горадзе?

Спадарыня Вольга: Горад аточаны, як мы іх называем, оркамі з Мордара, аднак абарона трывае. Мы верым у нашыя ўзброеныя сілы. У горадзе расейскіх вайскоўцаў няма, іх сюды ніхто не пускае. Баі ідуць па лініі абароны па навакольных вёсках.

РР: Якая сітуацыя ў самім горадзе, ці хапае ежы, медыкаментаў мясцовым жыхарам?

Спадарыня Вольга: У сувязі з тым, што горад узяты ў аблогу, то канвой прыйсці не можа. Таму выкарыстоўваюцца тыя запасы прадуктовых тавараў, якія ёсць на базах. Ёсць пэўныя абмежаванні пры пакупцы хлеба – прадаецца адзін бохан на рукі. Аднак ніхто не галадае. Але нармальна жыць нам не даюць пастаянныя сірэны паветранай трывогі. Людзі ўжо прызвычайваюцца да тых гукаў «градаў», «ураганаў». Гэта страшна. Аднак мы намагаемся з гэтым жыць.

РР: Ваш асабіста дом цэлы, не пашкоджаны?

Спадарыня Вольга: Так, цэлы. А побач ёсць зруйнаваны. Яны лупяць з «градаў» выключна па цывільных аб’ектах – гэта стадыёны, школы, дзіцячыя садкі, шпіталі, або проста жылыя будынкі.

РР: За інфармацыяй ёсць магчымасць сачыць? Інтэрнэт дасяжны ў вас?

Спадарыня Вольга: Спачатку не стала мабільнага інтэрнэту. Потым у нас учора і пазаўчора ўжо не было зусім тэлебачання. Не было ацяплення і не было святла. Але камунальнікі працуюць і рамантуюць. Сёння ў маёй кватэры ўжо ёсць ацяпленне, ёсць інтэрнэт і ёсць электраэнергія і вада. У некаторых раёнах гэтага няма.

РР: Большую частку часу вы праводзіце ў сховішчы? У горад выхадзіць небяспечна?

Спадарыня Вольга: Калі трэба выйсці ў аптэку, а аптэкі працуюць не ўсе, працуюць выбарачна, то неабходна стаяць у чэргах, і бывае так, што стаіш у чарзе, а тут сірэна, і хаваешся ў бомбасховішча.

Цалкам размова:

Размаўляў Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя