Жыхары Бельска Падляшскага могуць змяніць аблічча горада
Працягваецца прыём праектаў да рэалізацыі з фінансавых сродкаў Грамадзянскага бюджэту Бельска Падляшскага. «Ужо чацвёрты раз чакаем ідэі жыхароў нашага горада», – кажа бургамістр горада Яраслаў Бароўскі:
– Мы прызначаем 400 тысяч на праекты ад нашых грамадзян. 250 тысяч – гэта максімальная колькасць для інвестыцыйнага праекта, бо ў гэтай групе 300 тысяч. І 100 тысяч на такія мяккія праекты, якія звязаныя з культурай, спортам. Гэта могуць быць праекты, якія будуць лакалізаваныя на гарадскіх тэрыторыях. Каб добра быў пададзены праект, трэба мець пад ім 30 подпісаў жыхароў Бельска Падляшскага.
Праекты можна прыносіць у Гарадскую ўстанову ў Бельску Падляшскім да канца жніўня. Пасля абмеркавання і вылучэння адпаведных праектаў у верасні яны будуць прэзентаваныя, а за паасобныя ідэі можна будзе галасаваць у кастрычніку гэтага года. Больш інфармацыі на сайце ўстановы umbielskpodlaski.pl.
Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя