Жыхары Грабаўкі будуць пратэставаць у Варшаве



Жыхары Грабаўкі і ваколіцаў у панядзелак, 21 снежня, збіраюцца ехаць у Варшаву пад канцылярыю прэм’ер-міністра Польшчы. Яны працягваюць пратэст супраць рашэння не ствараць новай гміны Грабаўка.

Паводле арганізатара пратэстаў і сябры Рады гміны Супрасля Тадэвуша Карповіча, калі нічога не зменіцца да панядзелка, жыхары Грабаўкі будуць пратэставаць у Варшаве. Карповіч дадае, што ёсць шанец на кампраміс. Новы падляшскі ваявода аднавіў працу камісара, які рыхтаваў гміну да падзелу і банкаўскі рахунак новай гміны.

– Разблакаваны банкаўскі рахунак, які быў прызначаны на падрыхтоўку нашай гміны: пакупку камп’ютараў, праграмнага забеспячэння. Вядома, мы былі ў ваяводы, гаварылі пра гэтыя справы.

З 1 студзеня тэрыторыя Грабаўкі, Засценак, Генрыкава, Саўлянаў і Сабалева мела адлучыцца ад гміны Супрасль і стварыць новую гміну. Аднак на пачатку снежня Міністэрства ўнутраных спраў на сваім сайце апублікавала праект распараджэння, якое адмяняе папярэдняе рашэнне.

Жыхары Грабаўкі сёння блакіравалі рух на нацыянальнай дарозе №65 у напрамку памежнага перахода Баброўнікі-Бераставіца.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Грабаўка

Фота poranny.pl