Жыхары Старога Ляўкова супраць будаўніцтва звалкі смецця (абноўлена)



Стараста Гайнаўскага павету Міраслаў Раманюк  падтрымаў патрабаванні жыхароў Старога Ляўкова, якія пратэстуюць супраць стварэння звалкі смецця на зямельным ўчасту ў іх мясцовасці. Паводле яго слоў, яшчэ сёння накіруе ў самаўрадавую касацыйную калегію ў Беластоку адпаведны зварот з далучанымі петыцыямі жыхароў Старога Ляўкова і ваколіц.

– Сёння падрыхтуем рашэнне, якое накіруем у Беласток. Да яго далучым скаргі і ўсю інфармацыю. Паколькі мясцовыя жыхары не хочуць гэтага будаўніцтва, мы, як павятовы самаўрад, правінны прымаць іх бок.

Як мы ўжо паведамлялі раней, павятовае стараства ў Гайнаўцы дазволіла смеццеапрацоўчаму прадпрыемству МПО з Беластоку, стварыць звалку смецця на зямельным участку ў Старым Ляўкове.  Мясцовых жыхароў абурае, што рашэнне  было прынята без інфармавання і кансультацыі з імі ды з гміннымі ўладамі.

* * *

Жыхары Старога Ляўкова, што ў гміне Нараўка на Падляшшы, пратэстуюць супраць планаў мясцовых уладаў па стварэнні звалкі смецця на палях побач з іх мясцовасцю. Дазвол на будаўніцтва звалкі беластоцкаму прадпрыемству МПО дало павятовае стараства ў Гайнаўцы.

Сёння мясцовыя жыхары сустрэліся з гайнаўскім старастам Міраславам Раманюком, і перадалі яму заявы з просьбай адмяніць прынятае  рашэнне – кажа адзін з заяўнікаў Міраслаў Барэчка:

– Мясцовыя жыхары сабралі каля 350 подпісаў супраць будаўніцтва звалкі. Мы былі на размове са старастам, ён  можа адклікаць гэтае рашэнне.

Дазвол беластоцкаму прадпрыемству МПО на звалку і пераапрацоўку смецця на зямельным участку ў Старым Ляўкове быў выдадзены не самім старастам, а ягонай падначаленай. Але, як адзначае  Міраслаў Раманюк, рашэнне згоднае з законам.

Сёння завяршаецца тэрмін, калі гайнаўскі стараста можа адмяніць сваё рашэнне і паведаміць пра гэта ў вышэйшыя органы самакіравання. Жыхары Старога Ляўкова лічаць, што блізкасць звалкі – шкодная для здароўя, яны абураныя, што дазвол на яе будаўніцтва выдавалі без кансультацыі з імі, а таксама з гміннымі ўладамі.

Калі дазвол не будзе адкліканы, ён будзе дзейнічаць да траўня 2025 года.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота b-m.pl