Жыццё беларусаў у Эстоніі
За савецкім часам Эстонія лічылася гэткім “унутраным замежжам”: еўрапейскага выгляду вуліцы, спакойныя ветлівыя людзі, адсутнасць татальнага дэфіцыту прадуктаў… Менавіта таму ў Эстоніі вельмі любілі сяліцца вайсковыя, міліцэйскія і КДБ-шныя адстаўнікі. У 50-60 гады ў гэтую невялічкую краіну Балтыі пераехала процьма перасяленцаў не толькі з цэнтральнай Расеі, але з Украіны і Беларусі.
Савецкі Саюз пакінуў пасля сябе мноства праблем, адна з якіх – нацыянальныя меншасці, частка каторых прынцыпова не жадае інтэгравацца ў жыццё краін, з якімі звязалі свае лёсы.
Ці інтэгруюцца ў сучаснае эстонскае жыццё эстонскія беларусы? Адкуль бяруцца постсавецкія міфы пра “гарачых эстонскіх хлопцаў”? Чым увогуле жыве сённяшняя Эстонія?
Наш карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з Артурам Цурбаковым, сябрам “Беларускага культурна-інфармацыйнага цэнтра ў Эстоніі”.
РР: Пра Эстонію на постсавецкай прасторы ходзіць багата міфаў, прытым самы бяскрыўдны – міф пра “гарачых эстонскіх хлопцаў”… Адкуль ён узяўся?
Артур Цурбакоў: Гарачыя эстонскія хлопцы” насамрэч – прыдумка. Ёсць праблема, калі ў расейскіх фільмах і перадачах у кадры з’яўляюцца эстонскія субтытры, бо, паводле эстонскіх законаў, усе фільмы і перадачы павінны суправаджацца эстонскімі субтытрамі. І тады высвятляецца, што калі рускія субтытры накладаюцца на эстонскую мову, дык субтытры гэтыя за эстонскай мовай не паспяваюць, і даводзіцца выкідаць ці не палову тэксту. Таму, як бачыце, насамрэч эстонцы даволі хуткія. Можа таму, рэформы ў Эстоніі прайшлі ўдала і нават скончыліся чымсьці лагічным. Урад ставіць сабе заданне стварыць у Эстоніі ўзровень жыцця “старой Еўропы”. То бок, праз дваццаць гадоў тут павінна быць Нямеччына ці Швецыя.
РР: А як наконт яшчэ аднаго міфа – маўляў, «у гэтай Эстоніі ўсе – фашысты»?
— Гэтае сумнеўнае сцвярджэнне папулярнае найперш у той катэгорыі людзей, якіх называюць “ватнікамі”. Яны і сцвярджаюць – маўляў, тыя эстонцы замінаюць нам у Эстоніі жыць, і ўвогуле, калі б яны не лезлі да нас са сваёй эстонскай мовай і культурай, мы былі б заможнымі і шчаслівымі. Давайце параўнаем. Ва Усходняй Эстоніі 99 % жыхароў – не-эстонцы. Так званыя “рускамоўныя”, то бок расейцы, украінцы і беларусы. Большасць з іх таксама, на вялікі жаль, мае “ватную” свядомасць. Дык вось, паспяховых людзей сярод іх – адзінкі. Там амаль няма эстонцаў, але пабудаваць паспяховую эканоміку ў гэтым рэгіёне ў “ватнікаў” не атрымліваецца. Ну, напрыклад, там вельмі танная нерухомасць. Вінаватыя ў гэтым, вядома ж, эстонцы, якія жывуць у іншых рэгіёнах Эстоніі!
РР: Калі гавораць пра беларусаў Эстоніі, то перш-наперш згадваюцца Пімен Панчанка са сваім вершам «Шапка эстонца» і Усевалад Ігнатоўскі, які скончыў Тартускі ўніверсітэт, то бок людзі інтэлігентныя. А якія цяперашнія эстонскія беларусы?
Артур Цурбакоў: Беларусы – колькасна чацвёртая нацыянальнасць з тых, хто жыве ў Эстоніі. Першая – натуральна, эстонцы, другая – расейцы, трэцяя – украінцы. Але Эстонія, напэўна, адзіная замежная краіна ў свеце, дзе беларус ёсць сябрам мясцовага парламенту. Тутэйшы парламент складаецца са 101 дэпутата, дык наш Дзяніс Бародзіч, этнічны беларус з Віцебшчыны — адзін з такіх дэпутатаў. Так што беларусы “засвяціліся” тут і сёння, а не толькі ў мінулыя гады!
РР: А эстонскія беларусы неяк арганізаваныя?
— Вядома ж! У Эстоніі вельмі станоўча ставяцца да стварэння такіх арганізацыяў. Усяго ў Эстоніі 11 беларускі арганізацыяў, якія аб’яднаныя ў адну агульнаэстонскую. І гэтая суполка да нядаўняга часу атрымлівала так званае «мэтавае дзяржаўнае фінансаванне» ад Міністэрства культуры. Якія гэта грошы. Арганізацыя, якая складаецца з 20-30 сяброў, штогод атрымлівала ад 700 да 1200 еўра. Гэтага хапала і на нацыянальныя строі, і на вечарыны, і каб заплаціць за арэнду памяшкання, і каб з’ездзіць на нейкі фестываль. На вялікі жаль, цяпер палітыка Фонда інтэграцыі і Міністэрства культуры крыху змянілася. Беларусам цяпер трэба перафарматаваць свае суполкі, і тады яны зноў будуць атрымліваць грошы на іх утрыманне. У адным з гарадоў Іда-Вірумаа (усходняя Эстонія – РР), у горадзе Йыхві, адна з беларускіх суполак, якая называецца “Бэз”, фінансуецца мясцовымі ўладамі.
РР: Калі намаляваць партрэт сярэднестатыстычнага беларуса Эстоніі… Што гэта за чалавек, ці паспяховы ён, ці інтэграваны ў эстонскае грамадства? Ці багата эстонскіх беларусаў “ватнікаў”?
— Тыя беларусы, якія жылі тут яшчэ да акупацыі Эстоніі савецкімі войскамі, у 40-я гады былі амаль усе рэпрэсаваныя. Сучасны беларус, які жыве ў Эстоніі – гэта чалавек, які пераехаў сюды цягам савецкага часу ад 60-х гадоў і па канец існаванне СССР. Жыве ён звычайна ці ў Таліне, ці на Усходзе Эстоніі, дзе канцэнтруецца не-эстонскае насельніцтва. Багатых людзей сярод іх няма – прынамсі, я такіх не ведаю.
РР: Чаму, на ваш погляд, беларусы могуць навучыцца ў эстонцаў?
— У Эстоніі вельмі вялікі ўзровень даверу ў грамадстве. Тут непрынята падманваць, а калі нехта некага падманвае – гэта ўжо не норма, а выключэнне. І вельмі добра, што мы, беларусы, якія тут жывуць, пераймаем у эстонцаў гэтую добрую навуку.
Цяперашняя Эстонія куды больш нагадвае паўночна-еўрапейскую краіну, чым былую рэспубліку СССР. Магчыма, што з цягам часу і нашая краіна нарэшце абярэ еўрапейскі вектар развіцця.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя