Жыццё беларусаў у Польшчы – гісторыя Васіліны і Гамлета



Наша гераіня Васіліна – беларускамоўная беларуска, якую можна спаткаць на акцыях у Беластоку з малым дзіцём. Яны разам з мужам актыўна працягваt займацца грамадска-палітычнай дзейнасцю ў Беластоку. Мы даведаліся, чаму яны выехалі ў Польшчу і як ім жывецца па-за Беларуссю.

Васіліна: Мы пераехалі ў сувязі з тым, што захварэла наша дзіця і ў Беларусі не было для яго лячэння, і таму вымушаныя былі пераехаць сюды. Беласток выбралі таму, што ён знаходзіцца найбліжэй да беларускай мяжы. Мы свядома не хацелі ехаць некуды далёка, таму аказаліся тут.

На момант пераезду мы ведалі аб тым, што ў Беластоку знаходзіцца беларуска-польскі дзіцячы садок. У тым садку выкладчыкі размаўляюць і разумеюць і па-польску, і па-беларуску. Вялікай праблемы з адаптацыяй не было. Мы выбралі гэты садок, і нам атрымалася туды пайсці з верасня. Дзіцяці там усё падабаецца, і нам таксама – вельмі.

Вельмі добры садок: шмат песняў і гульняў яны вучаць па-беларуску, сапраўды там іх вялікая частка. Даведаліся, што шмат беларусаў прыводзяць туды сваіх дзяцей.

Апроч гэтага мы пазнаёміліся з беларусамі з беларускай дыяспары ў Беластоку і таксама стасуемся з імі. Таму наша дзіця мае магчымасць паразмаўляць са сваімі суайчыннікамі не толькі ў садочку, але і дома. Сустракаемся на розных імпрэзах і пікетах.

РР: Распавядзіце пра вашу дзейнасць у Польшчы.

Васіліна: Час ад часу мы наведваем акцыі салідарнасці з беларусамі ў Беластоку. Ездзім на Дойліды, пад консульствам сустракаемся перыядычна з беларусамі, а таксама з палякамі, якія салідарныя з беларусамі, якія змагаюцца за свае правы.

Гамлета можна пабачыць амаль на ўсіх палітычных акцыях беларусаў у Беластоку. Гамлет Пагасян – грамадзянін Беларусі армянскага паходжання, які прымае актыўны ўдзел у палітычным жыцці беларускай дыяспары.

Выехаў з Беларусі праз ціск уладаў на яго бізнес і шматлікія штрафы, пасля чаго распачаў сваю гаспадарчую дзейнасць у Польшчы.

 РР: Распавядзіце пра ваш удзел у палітычным жыцці беларусаў Беластока?

Гамлет: Дзесьці пасля выбараў у жніўні мы пачалі збірацца. Увогуле мы і да гэтага збіраліся каля кансулата Беларусі і вырашалі, як лепш правесці выбары, як іх лепш пракантраляваць. Мы падавалі галасы на платформу “Голас”, я пранёс тэлефон і выслаў свой бюлетэнь. 

 Я ўдзельнічаў у шматлікіх  акцыях, у тым ліку Маршы ад рынка Касцюшкі да Консульства Беларусі, Маршы байкераў ад Кузніцы да мяжы Польшчы з Беларуссю. І ў многіх такіх я прымаў актыўны ўдзел.

 РР: У Беларусі вы таксама прымалі актыўны ўдзел у палітычным жыцці, і як даўно?

Гамлет: Калі шчыра, былі моманты, калі я займаўся гэтым. Гэта таму, што мне ніколі не падабалася дзеючая ўлада. Мы маглі прачнуцца ранкам, а законы ў нас памяняліся заднім чыслом.

 Калісьці я быў прадпрымальнікам. На мяне „наехала” падатковая Ваўкавыска, я з ёй 3 гады судзіўся і нічога не адсудзіў. Падчас правядзення гаспадарчага суду Ваўкавыская інспекцыя вынесла вырак са шматлікіми парушэннямі пры складанні актаў, то бок акт быў са шматлікімі памылкамі. Але ўсё пакінулі ў сіле і на мяне павесілі штраф 15 мільёнаў,  я не мог нідзе ні працаваць, ні займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю, бо ўсё сыходзіла б на гэты штраф.

Пасля гэтага яны абвесцілі мяне банкрутам. Я быў вымушаны пераехаць у Менск па працы, але не атрымалася. Пасля гэтага я пераехаў у Польшчу, дзе адкрыў сваю фірму.

 Францішак Цярэшка, Беларускае Радыё Рацыя