Злёт „маржоў” у Сямятычах
Узмацняе здароўе, паляпшае настрой, а нават лечыць цэлюліт. Гаворка ідзе пра купанне ў ледзяной вадзе. Чарговы раз сотні людзей увайшлі ў халоднае возера ў Сямятычах, што на поўдні Падляшша.
Тут адбыўся адзін з самых вялікіх злётаў маржоў у Польшчы, у якім прымалі ўдзел аматары купання ў ледзяной вадзе з розных куткоў краіны. Сёлета на запрашэнне арганізатараў чарговы раз прыехалі таксама маржы з Берасця.
– Зараз мы прыехалі большай кампаніяй: у нас усё больш і больш становіцца прыхільнікаў зімовага плавання.
– Прыязджаю пяты раз. З такімі людзьмі, з такімі сябрамі нястрашна нічога. Калі псіхалагічна адчуваеш падтрымку, то гэтае цяпло вакол людзей сагравае – зусім не холадна і зусім не страшна.
– Прыехалі нашы сябры-маржы з Берасця. Я вельмі рады. Яны запрашаюць нас да сябе, урэшце таксама паедзем.
– Я – першы раз. Страшна холадна. Калі я прастыўшы – смела ўваходжу. Не гарачая, а менавіта халодная вада.
– Думаю, каля 500 чалавек тут. Шмат асобаў, якія назіраюць. Цудоўная імпрэза, мілая атмасфера, радасць. Трошкі лета зімой.
У халодную ваду сямятыцкага возера ўвайшлі сёлета каля 500 чалавек. Групы маржоў прыехалі з усяго Падляшскага ваяводства, Варшавы, Ольштына, Любліна ды Берасця.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя
Фота podlasie24.pl