Зміцер Антончык пра палітвязняў, салідарнасць ды хаб „Новая Зямля”



У нашым эфіры пабываў актывіст беларускай дыяспары, сузаснавальнік беларускага хабу „Новая Зямля” у Беластоку Зміцер Антончык, які з’яўляецца зяцем Рыгора Кастусёва.

РР: Якія навіны ад яго прыходзяць з-за кратаў? У якім ён стане?

– Навіны прыходзяць у лістах, якія піша да жонкі. Нам перадаюць гэтую інфармацыю. Піша, што больш-менш прызвычаіўся да рэжыму, што праблем з суседзямі няма.

РР: Куды яго накіравалі?

– Гэта Івацэвічы „Воўчыя норы”.

РР: Там вельмі строгі рэжым.

Адна з самых такіх. Пра стан здароўя піша, што ўсё добра. Інфармацыя пра тое, што яго збіраюцца накіраваць у Менск на нейкае абследаванне ў сувязі з анкалогіяй. Але ён не вельмі хоча туды ехаць, бо ведае, што калі пройдзе гэтае абследаванне, то вынікі могуць не паведаміць. Нават калі будуць нейкія парады, то ўсё роўна іх ніхто выконваць не будзе. Карацей не вельмі верыць, што там змогуць дапамагчы.

РР: Якія ўражанні ў Вас ад беластоцкай акцыі салідарнасці з Украінай?

– Я наведаў гэтую акцыю. Уражанні былі пазітыўныя, даволі шмат людзей прыйшло, сустрэў шмат знаёмых. Мне кінулася ў вочы, што было шмат беларусаў. Напэўна не памылюся, калі скажу, што большасць удзельнікаў акцыі складалі беларусы.

РР: Вы з’яўляецеся адным з суарганізатараў хабу „Новая Зямля” у Беластоку?

– Атрымаўся цікавы запатрабаваны праект. З’явілася шмат ініцыятыў, шмат далучылася. Мы бачым, што ў некаторыя дні, асабліва ў выходныя, у нас па чатыры мерапрыемствы на дзень праходзіць. Таму я лічу, што там патэнцыял вельмі вялікі, будзем развіваць, каб людзі далучаліся да нас са сваімі ідэямі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Беларускае Радыё Рацыя