Зміцер Карчынскі: Украіну немагчыма рэфармаваць зверху



Надыходныя парламенцкія выбары і ваенныя дзеянні ва Украіне ствараюць вельмі напружаную палітычную і сацыяльную сітуацыю ў краіне. Частка грамадзян схіляецца да перамоваў, што па меркаванні экспертаў будзе азначаць капітуляцыю, а частка выступае за супраціў да перамогі. У такіх няпростых абставінах адзіны выхад – правесці другі этап незавершанай рэвалюцыі і давесці да фактычнай люстрацыі, сцвярджае лідар праўкраінскага саюзу “Братэрства” і адзін з брыгадных камандзіраў батальёну “Азоў” Зміцер Карчынскі. Падрабязней пра тое, якая сітуацыя складаецца на фронце і якія перспектывы мае Украіна, у размове са Змітром Карчынскім:

– На фронце сітуацыя, на жаль, стабілізавалася, і інтэнсіўнасць меншая, чым раней, хоць маюць месца артылерыйскія дуэлі на асобных участках фронту.

РР: З чым вы гэта звязваеце: з Менскімі перамовамі ці з адсутнасцю палітычнай волі з боку ўкраінскага ўраду?

Зміцер Карчынскі: Тут цэлы комплекс чыннікаў – і адсутнасць палітычнай волі, і санкцыі супраць Масквы спрацоўваюць, і вычарпанасць рэсурсаў з абодвух бакоў. Але ў цэлым ні для каго ва Украіне не з’яўляецца таямніцай, што гэта мір цераз паразу. Гэта прызнанне паразы. Так доўга працягвацца не можа і рызыкуе палітычнаю зменаю. А такая рэзкая палітычная змена адбудзецца ва Украіне бліжэйшым часам. Таму будзем адваёўваць гэтыя землі.

РР: Вы зараз кажаце пра выбары ў Парламент?  

Зміцер Карчынскі: Мы гаворым пра другі этап рэвалюцыі, які мае адбыцца пасля выбараў у Парламент. Ва Украіне адбылася рэвалюцыя, якая не была завершана, таму што яна была перапынена расейскай інтэрвенцыяй. Усе тыя людзі, якія мусілі вісець на ліхтарах уздоўж Крэшчаціка, зараз працягваюць кіраваць краінай і рабіць сваю чорную справу. Да ўлады ў краіне мусяць прыйсці здаровыя нацыянальныя сілы і экспартаваць свабоду падняволеным народам. Гэтым, безумоўна, будзем займацца пасля Парламенцкіх выбараў. Для другога этапу рэвалюцыі складаюцца ўсе неабходныя ўмовы, а гэта – эканамічны крызіс, шмат франтавікоў, якія лічаць, што іх падманулі і не далі перамагчы, што перамогу ў іх скралі.

РР: Цяпер вы кажаце пра гвалтоўную люстрацыю, не тую, пра якую падпісаў закон Парашэнка, а гвалтоўную – фактычнае вынішчэнне з Парламенту людзей.

Зміцер Карчынскі: Я б не стаў выкарыстоўваць слова “люстрацыя”. Я б выкарыстаў слова  – супольная помста. Яна мае адбыцца, і тыя людзі, якія нажываліся на ўласнай краіне ці забівалі, павінны быць пакараныя.

РР: Грамадства падзеленае. Ці не здаецца Вам, што нейкая рэвалюцыйная дзейнасць унясе моцную смуту ў грамадства і яшчэ больш яго падзеліць?

Зміцер Карчынскі: Грамадства прасоўвацца наперад можа толькі праз канфлікты. Грамадства без канфліктаў – гэта не грамадства людзей, гэта грамадства мурашак. Канфлікты заўсёды былі і будуць.

РР: У Парламент балатуюцца прадстаўнікі розных плыняў. Вы сцвярджаеце, што не атрымаецца сфармаваць па-сапраўднаму народны парламент.

Зміцер Карчынскі: У Парламент, безумоўна, трапяць “барыгі” і яны будуць граць першую скрыпку. І тыя добрыя людзі, якія прыйдуць туды, іх будзе няшмат, але дастаткова для таго, каб сфармаваць рэвалюцыйную трыбуну.

РР: Апроч другога этапу рэвалюцыі, па Вашым меркаванні, што мусіць змяніцца ва Украіне?

Зміцер Карчынскі: Калі ў нас не адбудзецца рэвалюцыі, то сітуацыя складзецца прыблізна як у Ліване. Будзе слабы прэзідэнт і слабы ўрад, і будуць узмацняцца супольныя сілы, якім усё роўна, хто ў нас прэзідэнт.

РР: Рэвалюцыя – гэта ахвяры. Ці гатовыя несці ўкраінцы яшчэ большыя ахвяры, чым нясуць цяпер?

Зміцер Карчынскі: Безумоўна, гатовыя. У нас за час канфлікту загінула каля 2-3 тысяч чалавек. Гэта вельмі прыкра, але мы можам ваяваць бясконца доўга. Нас стане гадоў на сто.

РР: На Ваш погляд, што мусіць зрабіць грамадства і што мусіць змяніцца ў грамадстве, каб змянілася палітычная сітуацыя?

Зміцер Карчынскі:  Мусіць адбыцца тое, што і адбываецца. Зараз узнікаюць грамадскія структуры, якія кансалідуюцца, гэта дабравольчыя батальёны, валанцёрскі рух, які ствараецца вакол дабравольчых батальёнаў, грамадскія арганізацыі рознага кшталту. Патрэбна, каб такога было больш. Чым больш актыўнае і  моцнае грамадства, тым лепш. Украіну наўрад ці ўдасца рэфармаваць зверху, а вось знізу яна рэфармуецца.

РР: Вы дастаткова скептычна ставіцеся да супрацы Украіны з ЕЗ і ЗША, то які шлях мусіць выбраць Україна, каб развіваць свой патэнцыял?

Зміцер Карчынскі: Я не стаўлюся да гэтага скептычна. Пакуль наш сапраўдны саюзнік ЗША, зразумела, нам хацелася б большай дапамогі, але больш чым яны, нам ніхто не дасць. Аб’ектыўна выгадна нам зараз быць у саюзе са Злучанымі Штатамі і Вялікабрытаніяй. Ёсць шэраг еўрапейскіх краін, на падтрымку якіх мы разлічваем. Мы маем аб’ектыўную дапамогу з Захаду, яна сапраўды мае месца.

РР: Такім чынам, самы аб’ектыўны шлях для Украіны – гэта еўрапейскі?

Зміцер Карчынскі: Так, безумоўна. Украіна – гэта Еўропа. І місія Украіны – прымусіць Еўропу да падтрымкі і абароны асноўных еўрапейскіх вартасцяў. Бо Еўропа адыходзіць ад гэтых вартасцяў. І Украіна мусіць стаць у авангардзе.

Актыўная фаза баёў цяпер адбываецца за Данецкі аэрапорт, дзе фактычна 60 украінскіх байцоў-дабравольцаў працягваюць утрымліваць абарону супраць артылерыі сепаратыстаў. Абстрэлы таксама цягнуцца на подступах да Марыупаля і ў некаторых раёнах Данецкай вобласці. Перамір’е, заключанае ў Менску, вынікаў так і не прынесла, а па словах некаторых вайсковых экспертаў, сепаратысты амаль цалкам выйшлі з-пад кантролю Масквы. Мы сочым за развіццём падзей.

Беларускае Радыё Рацыя, Кіеў

Фота zhitomir-online.com