Зміцер Косцін: Мы павінны паказваць сваю культуру



Ужо заўтра, у суботу 24 чэрвеня, нас чакае Вялікі фінал фестывалю беларускай традыцыі SONCAHRAJ. Гэта не толькі музычныя выступы, але таксама майстар-класы, спеўны сход, традыцыйныя танцы, пляценне вянкоў і супольнае святкаванне Купалля.

Пра ўсё гэта пагаворым з нашым сённяшнім госцем Зміцерам Косціным з фонду Tutaka:

РР: Ці атрымалася тое, што планавалася?

З нецярплівасцю чакаю фіналу і з пэўным такім падвышаным настроем. Сёлета кожны з тых трох канцэртаў, якія адбыліся, мелі свой адметны характар. Дубічы з вялікай колькасцю людзей, прычым вельмі шмат турыстаў. На чым нам вельмі залежала, каб турысты, якія прыязджаюць з Польшчы, больш даведаліся пра беларускі характар рэгіёну. У Саколе было вельмі камеральна і вельмі свойска. У Цесным было вельмі шмат народу, было гучна. Адным словам, у кожным месцы былі свае адметнасці, свае элементы. Гэта дае надзею на тое, што пэўныя рэчы, якія сёлета спрабавалі ўводзіць, спрабавалі рэалізаваць, яны магчыма прыжывуцца і пашырацца. Перад намі фінал. Гэты фестываль розніцца ад фестываляў на Беласточчыне, тут няма эстраднай музыкі, тут не пачуем беларускіх гуртоў дыска-пола. Пры гэтым мы надалей упэўненыя, што бавіцца пры традыцыйнай музыцы, пры традыцыйных спевах, на прыродзе, разам, гэта дзесьці ў нас на генетычным узроўні ў нас у сярэдзіне. Бачу, што гэта прыцягвае не толькі беларусаў, але таксама і палякаў, што таксама вельмі важна. Мне здаецца, што мы павінны адкрывацца і паказваць сваю культуру.

РР: Тым больш палякам гэтая культура таксама вельмі блізкая.

– Так, сапраўды. Памежжа яно мяшанае, бо ёсць уплывы і польскай культуры, беларускай культуры. Нават у тых самых танцах „абэрэкі”, каторыя лічыцца польскім танцам, разышліся шырока па Беларусі, „кракавякі” таксама. Думаю шмат што супольнага, асабліва ў танцы, дзе не трэба разумець словаў, напрыклад песень, каторыя не заўсёды зразумелыя таму, хто не валодае беларускай мовай. Танец можа спакойна злучаць усіх. Так, напрыклад, было ў Цесным, куды прыехала група, якая вандруе па розных патанцоўках у Беластоку. Людзі прыехалі патанцаваць беларускія танцы. Адмыслова прыехалі з Беластоку. Гэта было сем параў, якія танцавалі пад музыку гурта.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Беларускае Радыё Рацыя