Зміцер Лукашук прэзентаваў у Беластоку «Беларускую нацыянальную ідэю»



Рэдактар „Еўрарадыё” Зміцер Лукашук прэзентаваў у беларускім хабе «Новая зямля» ў Беластоку серыю сваіх выданняў «Беларуская нацыянальная ідэя». Гэта на дадзены момант – 3 кнігі, дзе змешчаныя інтэрв’ю з выбітнымі беларусамі, у якіх журналіст абмяркоўвае і, як ён сам кажа, спрабуе намацваць – беларускую нацыянальную ідэю.

На яго думку, прэзентацыя такой серыі кніг беластоцкай публіцы – мае сваю рэгіянальную асаблівасць.

-Я даўно хацеў прыехаць у Беласток. Я ведаў, што тут вельмі шмат беларусаў, якім гэтая тэма цікавая і блізкая. Я ехаў з пэўным хваляваннем. Адна справа несці нацыянальную ідэю альбо неафітам, альбо людзям, якія толькі пачалі задумвацца. Іншая справа Беласток, дзе так шмат прасунутых людзей, для якіх беларускасць і развага над будучым новай Беларусі, над нейкімі нацыянальнымі каштоўнасцямі – гэта не нешта такое экзатычнае, яны можа гэтым не тое што жывуць, але яны гэтым цікавяцца.

Першая кніга з серыі «Беларуская нацыянальная ідэя» змяшчае ў сабе 85 інтэрв’ю з лідарамі меркаванняў, што выйшлі ў праграме «Ідэя Х» на „Еўрарадыё”. У другім выданні «Беларуская нацыянальная ідэя на маршы» – 100 такіх інтэрв’ю. У трэцім і самым свежым «Беларуская ідэя у выгнанні і на вайне» – 67 гутарак з беларусамі з усяго свету, а таксама з тымі, хто зараз ваюе ва Украіне.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя