Зміцер Вайцюшкевіч прэзентаваў чэскія песні
У Варшаве адбыўся канцэрт Змітра Вайцюшкевіча. Падчас канцэрту былі прэзентаваны лепшыя песні з новага альбому, а таксама ўпершыню песні чэскага барда Яраміра Нагавіцы былі праспяваныя па-беларуску.
Зміцер Вайцюшкевіч лічыць, што вельмі важна будаваць такія масты паміж краінамі, каб мы самі думалі пра іншых, а яны – чэхі, шведы, японцы таксама думалі пра нас:
– Гэта знак іншым краінам, што Беларусь ёсць. Мы пра іх таксама думаем, удзячныя за тое, што яны прызналі ў свой час Беларускую Народную Рэспубліку. Мы ўдзячныя ім, што ў іх быў Вацлаў Гавел. Гэта добры прыклад для нас, якіх таксама 9 мільёнаў, як і шведаў. І ў дадзеным выпадку на прыкладзе чэскага і шведскага праекту можна параўнаць ментальнасці, У музычных праектах мы троху дакранаемся адзін да аднага. І гэта прыемна. А калі-небудзь будзе і амерыканскі праект.
Бард адзначае, што больш хацеў бы выступаць у Беларусі.
[Not a valid template]
Цягам апошніх трох гадоў Зміцер Вайцюшкевіч быў уключаны ўладамі Беларусі ў “чорны спіс”, напрыканцы кастрычніка музыка даў першы за апошні час афіцыйна дазволены канцэрт у Менску.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя