Зміцер Вайцюшкевіч запрашае на свой канцэрт у Нарву
Вядомы беларускі спявак і музыка Зміцер Вайцюшкевіч адкрые цыкл мерапрыемстваў пад назвай “Фільмова-музычная восень”, які ўключае музычныя выступы, прагляды фільмаў, сустрэчы з творцамі і гэтак далей. З Падляшшам музыка звязаны ўжо шмат гадоў, пачынаючы ад выступаў на “Басовішчы” да “Бардаўскай восені” і шматлікіх канцэртаў у розных большых і меншых мясцовасцях. Сённяшні выступ будзе з “восеньскім настроем”.
– Частка праграмы будзе прысвечана восені, дажджам, бо скончылася лета, рыжыкаў кош. Такія кранальныя, крыху смутныя, можа, песні. Вясёлыя таксама будуць песні. Будуць і прэм’ерныя песні на паэзію Уладзіміра Маякоўскага, другі альбом у маім жыцці неяк так склаўся. І таксама песні з альбома, які ўжо закончаны, ідзе фінальны этап прац над ім, зараз ён у печцы пячэцца. Гэта песні на вершы Уладзіміра Някляева, а альбом называецца “Зорка Дзіва”.
Сённяшні канцэрт у Нарвянскім доме культуры распачнецца а 18-ай гадзіне. Другога лістапада ў менскай прасторы ОК16 запланаваны канцэрт Змітра Вайцюшкевіча з прэзентацыяй дыска “Люблю” на словы Уладзіміра Маякоўскага. Канцэртная прэзентацыя альбома на словы Уладзіміра Някляева “Зорка Дзіва” плануецца на наступны год, на 8 сакавіка.
Поўны гук слухайце ў далучаным гукавым файле:
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя