Зміцер Жалезнічэнка: Мы працягваем працаваць з машынамі хуткай дапамогі
Дастаўка машын хуткай дапамогі, медыкаментаў і спецылізаваных аўто і ровараў у тыя раёны Украіны, дзе яны найбольш неабходныя.
Такім гуманітарным накірункам працягваюць займацца прадстаўнікі дабрачыннага фонду „Ветразі Свабоды” з Нідэрландаў, – кажа беларускі валанцёр Зміцер Жалезнічэнка:
– Мы працягваем працаваць з машынамі хуткай дапамогі. У нас ёсць яшчэ шмат арганізацыяў, якім мы можам дапамагчы. Мы шукаем фінансаванне, мы шукаем машыны і іх перыядычна прывозім. На наступным тыдні, напрыклад, мы адпраўляем дзве машыны ў розныя дзіцячыя шпіталі. Адна машына будзе проста для дзяцей усіх узростаў, а другая – адмысловая для заўчасна народжаных дзяцей. Апроч гэтага мы дасылаем шмат медычных сродкаў, у нас ёсць магчымаць штосьці атрымліваць бескаштоўна.
„Мы падтрымліваем непасрэдны кантакт з украінскімі бальніцамі, дзяржаўнымі ўстановамі і дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі. Мы супрацоўнічаем з мясцовымі чыноўнікамі і валанцёрамі, а таксама з арганізацыямі і групамі гуманітарнай дапамогі ў Еўропе” – кажуць у фондзе “Ветразі Свабоды”.
Беларускае Радыё Рацыя