Зоя Хруцкая: Дзеці цяперашніх эмігрантаў не маюць магчымасці атрымліваць урокі беларускай мовы
Вывучэнне беларускай мовы – гэта не толькі адукацыйны занятак, але і месца сустрэчы з аднагодкамі, і захаванне сувязі з Радзімай. Так пра арганізацыю заняткаў для дзяцей у Беластоку кажа наша сённяшняя госця – журналістка Зоя Хруцкая. Яна сама актыўна падтрымлівае збор подпісаў за такія заняткі для дзяцей беларускіх эмігрантаў. Пра гэта з ёй у эфіры Радыё Рацыя размаўляла наша карэспандэнтка Яна Запольская.
РР: Якая галоўная мэта гэтага збору подпісаў?
Зоя Хруцкая: Падчас збору беларускай дыяспары, падчас супольнага сходу абмяркоўвалі розныя пытанні, якія клапоцяць беларускую дыяспару, найперш беларусаў, якія нядаўна ў эміграцыі, нядаўна жывуць у Беластоку. І адной з важных праблемаў, якую агучылі, – гэта тое, што дзеці цяперашніх нядаўніх эмігрантаў, на жаль, не маюць магчымасці атрымліваць адукацыю, атрымліваць нейкія ўрокі беларускай мовы ў польскіх школах. Такая магчымасць ёсць толькі для польскіх грамадзян.
Статус цяперашніх нядаўніх мігрантаў – гэта звычайна міжнародная абарона, гуманітарная віза або штосьці іншае. Вядома, што ў іх польскага грамадзянства няма, таму яны не могуць скарыстацца магчымасцю і аддаць дзяцей у чацвёртую школу, дзе ёсць беларускамоўная адукацыя. І таму беларусы вырашылі паглядзець, колькі наогул ахвотных, якія гатовыя навучаць дзяцей па-беларуску і для якіх гэта важна. І таму мы вырашылі збіраць подпісы.
Пабачым, якая колькасць, а ўжо пасля, як будзем ведаць, колькі ахвотных вучыцца на беларускай мове ў Беластоку, з гэтымі заявамі мы ўжо потым будзем размаўляць з прадстаўнікамі польскай сістэмы адукацыі. І ўжо пасля будзем шукаць выйсця, як арганізаваць гэтыя заняткі беларускай мовы.
РР: Зраблю адну папраўку, усё ж такі не беларускамоўная адукацыя. Адукацыя польская, але ў чацвёртай пачатковай школе ёсць дадатковыя заняткі, дзе дзеці прадстаўнікоў нацыянальнай меншасці могуць вывучаць беларускую мову.
Зоя Хруцкая: Так, натуральна, тут не ідзе гаворка пра тое, каб дзеці ўсё вучылі толькі па-беларуску. Але, мне падаецца, што многім бацькам важна, каб была нейкая сістэмнасць гэтых заняткаў, каб гэта былі заняткі групавыя, каб не выглядала, што гэта нейкае рэпетытарства, бо гэтым могуць займацца і бацькі дома.
А сістэмнасць і акадэмічнасць у тым сэнсе, што гэта заняткі ў класе з пэўнай рэгулярнасцю, з пэўнай праграмай – гэта зусім іншы падыход. Я думаю, што бацькі пераважна разумеюць, што гэта зусім іншы ўзровень. Гэта вельмі важна, каб заняткі адбываліся менавіта такім чынам. І калі гэта будзе два разы на тыдзень па 45 хвілін, гэта цудоўна, гэта нашмат лепш, чым нуль гадзін наогул. І гэта дакладна лепш, чым бацькі толькі беларускамоўныя ў асяроддзі.
РР: Тым больш, калі гэта будуць заняткі такія рэгулярныя, пра якія вы кажаце, яны будуць бясплатныя, калі яны будуць адбывацца ў школе.
Зоя Хруцкая: Так, гэта таксама вельмі важны момант. Я разумею, што ёсць бацькі, якія гатовыя плаціць за паслугі настаўніка, арэнду памяшкання, і ўжо ёсць такія паведамленні. Але важна разумець, што людзі, якія год таму ці паўгода таму выехалі з Беларусі з адным заплечнікам у невядомасць, і гэта пераважная большасць тых людзей, якія цяпер эмігранты ў Беластоку з Беларусі, у іх, хутчэй за ўсё, вельмі абмежаваныя фінансавыя магчымасці. Гэта людзі, якія прыехалі ў нікуды. І калі ў іх будзе магчымасць вучыць сваіх дзяцей, даваць урокі беларускай мовы ім і пры гэтым не трэба будзе шукаць нейкія грошы на тое, каб на гэта выдаткаваць, была б цудоўная магчымасць. Таму што такую магчымасць маюць, на жаль, далёка не ўсе.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Збор подпісаў за арганізацыю заняткаў па беларускай мовы для дзяцей беларускіх эмігрантаў працягваецца ў памяшканні MOST Media па адрасе Sienkiewicza 44.
Беларускае Радыё Рацыя