Звыш 26 тысяч злотых сабралі на пабудову помніка святой Марыі Петручук



Звыш 26 тысяч злотых сабрала ініцыятыва «Наша Памяць»  на пабудову помніка святой Марыі Петручук на праваслаўных могілках у  Малешах. 

Ініцыятары пабудовы помніка збіралі толькі ахвяраванні, кажа старшыня фонду „Камунікат” і сябра Беларускага гістарычнага таварыства і ініцыятывы „Наша памяць” Яраслаў Іванюк:

– Спадзяёмся, што да восені гэты помнік будзе ўжо гатовы, і тады трэба будзе думаць пра асвячэнне. Думаю, што таксама ў кансультацыі з праваслаўнай мітраполіяй у Варшаве і асабіста з Мітрапалітам Варшаўскім і ўсёй Польшчы Савам.

Жыхары Падляшша адгукнуліся і даказалі наколькі важная гістарычная памяць:

– Сотням людзей, таксама як і нам, а магчыма і тысячам, важна захаваць памяць пра гэтыя трагічныя падзеі. Каб памятаць пра тое, як гэта было ў сапраўднасці, каб ніхто нам не казаў праз год, два, дзесяць гадоў, што было зусім па-іншаму, не так, як запомнілі гэта жыхары вёсак, якія былі спаленыя, і сем’і гэтых людзей, якія былі забітыя.

Чакаецца, што будаўнічыя працы на могілках у Малешах пачнуцца яшчэ гэтым летам, а да ўгодкаў трагічных падзеяў у Шпаках (2 лютага) помнік будзе асвечаны. Аўтарам праекта помніка з’яўляецца сусветна вядомы архітэктар, прафесар Юрый Усціновіч

Нагадаем, 16-ці гадовая  Марыя Петручук загінула, бо не паддалася гвалту жаўнераў аддзела польскага антыкамуністычнага падполля пад камандаваннем Рамуальда Райса па мянушцы „Буры” ў лютым 1946 года.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя