З’явіцца міжурадавая польска-беларуская гаспадарчая камісія
У лістападзе пачне працаваць польска-беларуская міжурадавая гаспадарчая камісія, якая мае на мэце палепшыць стасункі паміж краінамі. Пра гэта на эканамічным кангрэсе ў Беластоку паведаміў віцэ-міністр замежных спраў Польшчы Барташ Ціхоцкі.
У кулуарах кангрэса бізнесоўцы таксама выказвалі спадзяванне, што такія крокі спросцяць кантакты і палепшаць эканамічную супрацу. Але для Польшчы, як для краіны Еўразвяза – важныя і іншыя пытанні, падкрэслівае віцэ-міністр замежных справаў Польшчы Барташ Ціхоцкі:
– Мы надалей дамагаемся шанавання правоў чалавека, грамадзянскіх свабодаў не толькі ў адносінах да польскай меншасці ў Беларусі, але і ўвогуле. Гэтыя патрабаванні з’яўляюцца сталым элементам гэтага дыялогу, гэтых узаемных візітаў, якія адбываюцца. У лістападзе з’явіцца міжурадавая камісія па гандлёвых справах.
На V Усходні эканамічны кангрэс, які праходзіць у Беластоку, прыехалі сотні бізнесменаў і палітыкаў. Беларусь, як эканамічны партнёр, адна з тэмаў на гаспадарчым форуме.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя