17 верасня 75-ая гадавіна нападу СССР на Польшчу
У гэты дзень у Беластоку ўшанавалі памяць усіх ахвяраў і вывезеных на Сібір. Галоўныя ўрачыстасці адбыліся на вайсковых могілках. Кветкі і знічы на магілах жаўнераў усклалі ўлады горада, прадстаўнікі форменных службаў ды беластачане.
У 12 гадзін у цэлым горадзе гучалі сірэны. Як адзначае Тадэвуш Хведзь, старшыня галоўнага праўлення Саюза Сібіракаў, такія сігналы трывогі семдзясят пяць гадоў назад чулі таксама жыхары ўсходняй Польшчы.
– Уваходзілі савецкія войскі ў Польшчу, быццам бы неслі дапамогу сваім братам беларусам і ўкраінцам, але той дапамогі ніхто не жадаў, тым больш на тэрыторыі Беласточчыны, дзе і цяпер мы ўсе жывем разам – і праваслаўныя і католікі, як адна сям’я.
Савецкая агрэсія ў верасні 1939 года была вынікам дасягнутай раней дамовы паміж СССР і Нямеччынай, якую называюць пактам Молатава-Рыбентропа. На Беласточчыне захопнікі з усходу засталіся да ліпеня 1941 года.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток