25 жніўня — угодкі абвяшчэння незалежнасці Беларусі



25 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь надаў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статус канстытуцыйнага акта. Гэта адбылося пасля таго, як у Маскве праваліўся путч „ГКЧП”.

Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце БССР прынялі яшчэ 27 ліпеня 1990 года, аднак рэальную моц яна набыла толькі ў жніўні 1991-га. Менавіта з гэтага дня наша краіна стала фактычна самастойнай. Пасяджэнне Вярхоўнага Савета праходзіла пад бел-чырвона-белым сцягам, які ўнеслі ў залу сябры БНФ на чале з Зянонам Пазьняком.

Таксама ў гэты дзень была прыпыненая дзейнасць Камуністычнай партыі Беларусі. Акрамя таго, у гэты дзень старшыня Вярхоўнага савета Мікалай Дземянцей па ўласнай ініцыятыве пакінуў сваю пасаду. Адстаўка Мікалая Дземянцея застаецца адзіным добраахвотным зыходам з пасады першай службовай асобы краіны ў гісторыі сучаснай Беларусі.  

Беларускае Радыё Рацыя