Адкрыты тыдзень журналістыкі ў берасцейскім універсітэце



У Берасцейскім дзяржаўным універсітэце імя Пушкіна адбылося ўрачыстае адкрыццё Чацвёртага адкрытага тыдня журналістыкі. Пад дахам старога корпуса навучальнай установы сабраліся студэнты профільнага факультэта і моладзь, каб прыняць удзел у майстар-класах рэдактараў і карэспандэнтаў рэгіянальных і рэспубліканскіх СМІ.

Падрабязней распавядае дацэнт кафедры журналістыкі і кандыдат філалагічных навук Святлана Клундук:

— Наогул усе тыдні журналістыкі гэта вялікі сэйшн не толькі для беларускіх удзельнікаў, але і для ўкраінскіх і для расейскіх. Сёлета да нас наведаліся з Масквы, з Ялецка, прычым і студэнты і школьнікі. Беларусь прадстаўляюць менавіта Інстытут журналістыкі, добрая кампанія гарадзенскага ўніверсітэта, а таксама нашы студэнты. Акрамя гэтага актыўна ўдзельнічаюць школьнікі: з ліцэяў, школаў, гімназіяў Берасця і Берасцейскай вобласці.

Акрамя тэарэтычнай часткі, студэнтаў чакаюць і практычныя заняткі ў горадзе і музычна-паэтычная вечарына з Мікітам Найдзёнавым.

Сярод шэрагу партнёраў мерапрыемства выступіла і крама нацыянальнай вопраткі symbal.by. Падрабязней пра мерапрыемствы і майстар-класы ўсіх трох дзён можна даведацца на адмысловай старонцы Вконтакте.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце