Адразу чатыры беларускія імпрэзы ў Беластоку
Беларуская дыяспара ў Беластоку працягвае аб’ядноўвацца і пашыраць сваю дзейнасць. Беларусы, якія апынуліся ў Польшчы, пачалі цікавіцца гісторыяй сваёй Радзімы і роднай мовай. Напярэдадні праваслаўных Калядаў уладальніца крамы беларускай сімволікі ў Беластоку Людміла Жданко на тэлеграм-чаце сваёй крамы арганізавала конкурс на веданне беларускай традыцыі святкавання Калядаў.
«Беларусы, якія прыехалі апошнім часам у Беласток, вельмі цікавыя людзі,» – кажа Людміла Жданко:
– Мусіць, на той час, як я вучылася, гісторыя Беларусі так не выкладалася. Яшчэ не было яе такой. Зацікаўленыя людзі самі яе вывучалі. Таму для мяне цікавыя зараз гэтыя людзі, адносіны з імі, сустрэчы з імі. Для мяне гэта вельмі цікава.
Сёння беларуская дыяспара ў Беластоку запрашае на святочныя мерапрыемствы: а 12:30 каляднае мерапрыемства ў Дайлідах; а 15.00 у кавярні Тэатра лялек дзіцячая нядзельная школка беларускіх традыцый падрыхтавала да паказу традыцыйны абрад калядавання; а 16.30 там жа адбудзецца перфарматыўнае чытанне п’есы „Калыханка для дарослага мужчыны” у выкананні актораў з Гародні. А 18-ай гадзіне ў кавярні „Лялькі” зайграе NaviBand. Імпрэзу ладзіць Fundacja Tutaka. Праз яе ж можна зарэзерваваць квіткі.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя