Агенцтва S&P пакуль не стала зніжаць рэйтынгі Беларусі



Рэйтынгавае агенцтва S&P Global Ratings пакуль не стала зніжаць рэйтынгі Беларусі пасля спробаў Менска выплаціць купон па аблігацыях Belarus-27 у нацвалюце, перадае «Інтэрфакс». Яно пацвердзіла доўгатэрміновыя і кароткатэрміновыя рэйтынгі ў замежнай валюце на ўзроўні „CC/C” захаваўшы іх у спісе CreditWatch (на пераглядзе) з „негатыўным” прагнозам.

«Рэйтынгі ў замежнай валюце застаюцца ў рэйтынгу CreditWatch з «негатыўным» прагнозам, што паказвае на тое, што мы можам панізіць іх да «SD» [пераддэфолтны ўзровень], калі купонная выплата па еўрааблігацыях з пагашэннем у 2027 годзе не будзе праведзена ў доларах ЗША да канца 30-дзённай адтэрміноўкі (арыентыровачна канец ліпеня), указанай ва ўмовы аблігацыі », – паведамляюць у S&P.

Пакуль агенцтва «з разуменнем» адносіцца да спробаў беларускіх уладаў вырашыць праблему бягучых выплат па еўрабондах.

„Хоць умовы аблігацыі прадугледжваюць плацёж у доларах ЗША, мы разумеем, што плацеж у мясцовай валюце быў звязаны з санкцыямі, якія перашкаджаюць магчымасцям Беларусі выкарыстоўваць прызначаныя каналы плацяжоў і міжнародных фінансавых контрагентаў”, — паведамляецца ў прэс-рэлізе.

„Мы разумеем, што ўлады цяпер шукаюць спосабы ажыццяўлення плацяжоў па аблігацыях у доларах ЗША на працягу льготнага перыяду, прадугледжанага дагаворам, з выкарыстаннем альтэрнатыўных спосабаў аплаты”, – адзначаюць у агенцтве.

Наступная публікацыя суверэннага рэйтынгу Беларусі запланавана на 16 верасня 2022 года.