Агляд прэсы: абяцанне стабільнасці
Чарговая група мігрантаў затрымана на польска-беларускай мяжы. Польшча: спрэчка вакол камісіі па расследаванні ўплыву Масквы. Што азначае перамога Эрдагана? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
Група мігрантаў, у тым ліку жанчыны і дзеці, была затрымана на мяжы Польшчы з Беларуссю 29 траўня, пры гэтым актывісты абвінавацілі афіцэраў у тым, што яны перашкаджаюць ім шукаць прытулку. «Група разбіла чатырохдзённы лагер у лесе пад Белавежай, ля памежнага плота, узведзенага Варшавай для прадухілення нерэгулярных перасячэнняў», – перадае еўрапейскае выданне Euractiv.
„Польская памежная служба заявіла, што група з «каля 20-30 чалавек» знаходзілася «па-за юрысдыкцыяй» Польшчы. Такім чынам, любыя адміністрацыйныя дзеянні, у тым ліку магчымае прыняцце заявы аб міжнароднай абароне, калі гэтыя людзі маюць намер атрымаць абарону ў Польшчы, немагчымыя. У групе на мяжы выхадцы з Сірыі, Ірака і Конга, у іх 11 дзяцей. Мігрантаў не пусцілі назад у Беларусь, а памежнікі краіны пагражалі ім сабакамі: па меншай меры два чалавекі былі збітыя або параненыя афіцэрамі з беларускага боку. Польская памежная служба, якая забяспечвала мігрантаў вадой, ежай і медыкаментамі, заявіла, што прасіла беларускі бок падтрымаць групу, але званкі засталіся без адказу», – піша еўрапейскае выданне.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ўхваліў стварэнне камісіі па расследаванні ўплыву Расеі на палітыку ў краіне. Крытыкі гэтай ідэі падазраюць, што кіруючая нацыянал-кансерватыўная партыя „Права і Справядлівасць” мае намер такім чынам падабрацца да лідара апазіцыі Дональда Туска. Аглядальнікі аналізуюць магчымыя матывы і наступствы новай ініцыятывы. Познаньскі штотыднёвік Wprost мяркуе, што Туск, які ўзначальвае апазіцыю, толькі выйграе.
«Прэзідэнт рашуча падтрымаў у гэтым пытанні ўрадавы лагер. Няясна, праўда, ці дапамог ён гэтым самым партыі ПіС ці, наадварот, аказаў ёй «мядзведжую паслугу». Партыя Яраслава Качыньскага мае відавочную схільнасць празмерна педаляваць некаторыя тэмы. І калі яна пойдзе ў лабавую атаку на Дональда Туска, лідара партыі „Грамадзянская платформа”, то гэта можа забяспечыць таму арэол пакутніка. А нішто не можа быць такім карысным для палітыка, як рэпутацыя бязвінна пацярпелага», – адзначае польскае выданне.
Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган пераабраны на сваю пасаду на наступныя пяць гадоў. У другім туры выбараў у мінулую нядзелю ён набраў 52,2 працэнты галасоў, а яго канкурэнт і лідар апазіцыі Кемаль Кылычдараглу – усяго толькі 47,8 працэнты. Наколькі гэтыя выбары былі сумленнымі і што іх вынік азначае для будучыні, сваімі разважаннямі наконт гэтага дзеліцца еўрапейская прэса. Партугальскі партал TSF называе дзве галоўныя прычыны перамогі Эрдагана.
«20 гадоў палітычнай кар’еры ў якасці прэм’ер-міністра і прэзідэнта, прадэманстраваныя Эрдаганам, пераконваюць выбаршчыкаў у тым, пра што многія туркі казалі падчас выбарчай кампаніі, і што можна рэзюмаваць наступным чынам: «Абяцанне, дадзенае гэтым чалавекам – гэта выкананае абяцанне. У гэтым ні ў каго ў Турцыі няма сумневаў, і ў гэтым сэнсе Эрдаган прайшоў праверку часам. Ён даказаў тое, што ніколі не парушае свайго слова. Гэта, а таксама той факт, што на кампанію па перавыбранні Эрдагана быў мабілізаваны ўвесь дзяржапарат, і вырашылі зыход галасавання», – падсумоўвае партугальскае выданне.
На рэгіянальных і муніцыпальных выбарах у Гішпаніі перамогу атрымала кансерватыўная Народная партыя, якая атрымала 31,5 галасоў. На другім месцы – сацыялісты пад кіраўніцтвам дзейнага прэм’ер-міністра Педра Санчэса, на трэцім – ультраправая партыя Vox. З прычыны пагаршэння вынікаў левых сіл прэм’ер-міністр прыняў рашэнне аб правядзенні датэрміновых выбараў і ўжо аб’явіў іх дату: зараз галасаванне адбудзецца не ў снежні, як раней планавалася, а ўжо 23 ліпеня. Італьянская газета La Repubblica задаецца наступным пытаннем:
«Што перад намі – нармальныя палітычныя змены ў рамках натуральных ваганняў грамадскай думкі ва ўмовах дэмакратыі – ці ж новы феномен, які абяцае доўгатэрміновыя структурныя наступствы? Заспакаяльная версія аб натуральных ваганнях не ўлічвае важных палітычных змен, пра якія сведчаць нядаўнія поспехі еўрапейскіх правых. Бо ад Італіі да Гішпаніі, ад Швецыі і да Фінляндыі – усюды параза левых адбываецца не толькі на фоне ўздыму партый, блізкіх да Еўрапейскай народнай партыі ў Еўрапарламенце, але і на фоне часам аглушальнага поспеху ўльтраправых, якія не бачаць сябе ў рамках традыцыйнай хрысціянска -дэмакратычнай умеранасці», – папярэджвае італьянскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка