Агляд прэсы: эскалацыя наперадзе



Расея адкрые беларускі фронт на Украіне. «Спыненне» агню на Каляды: якую мэту пераследуе Пуцін? Захад прадаставіць Украіне танкі і БМП.  Турцыя перад выбарам. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Расея павялічвае свае стаўкі, бо відавочнай перамогі ва Украіне, здаецца, няма. Цяпер краіна ўводзіць у Беларусь свае войскі ў вялікай колькасці. Гэта таксама пацвердзілі ў Міністэрстве абароны Беларусі. Там прызналі, што вялікі кантынгент расейскіх войскаў прыбыў у краіну ў пятніцу, а Лукашэнка не проста наведаў ваенную базу, дзе ў новым парадку сабраліся расейскія войскі, але і завязаў з імі размову. Тым не менш, паміж ім і расейскім прадстаўніком таксама былі перамовы наконт сумесных вучэнняў», – паведамляе індыйскае выданне Oneindia.

«Апошняе развіццё падзей можа стаць трывожным для Еўропы, бо гэта як бы адкрывае новы фронт з боку Уладзіміра Пуціна. Тым больш, што ЗША і іх саюзнікі ўзбройваюць Украіну, то рашэнне накіравана на тое, каб адкрыць новы бок для нападаў. Цікава, што Расея ўжо выкарыстоўвае беларускую паветраную прастору для нанясення ўдараў з беспілотнікаў і ракет па Украіне. Пасля Расеі менавіта беларусы найбольш размаўляюць на расейскай мове. Іх братэрства не спыняецца на агульнай мове. Лукашэнка вінаваціць у вайне заходнія краіны, таксама ён прызнаў, што толькі Украіна мае сілы спыніць канфлікт, прыняўшы патрабаванні Масквы. Ён параіў Украіне змірыцца са стратай часткова акупаваных рэгіёнаў на ўсходзе і поўдні дзеля міру. Пры гэтым цягнікі за цягнікамі пачалі перапраўляць расейскія войскі ў Беларусь. Гэта разглядаецца як пагроза Украіне з поўначы, бо Беларусь можа быць выкарыстана расейскімі войскамі як новая база», – папярэджвае індыйскае выданне.

Пуцін загадаў міністру абароны Шайгу ўвесці рэжым спынення агню на 36 гадзін – на час Калядаў па грыгарыянскім календары. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адпрэчыў прапанову Пуціна аб часовым перамір’і і заявіў, што расейскі бок жадае скарыстацца святам Раства для стрымлівання наступлення ВСУ на Данбасе. Прэса таксама не надта верыла ў міралюбівы настрой Пуціна. Так і здарылася: войскі РФ ударылі па Бахмуце падчас «перамір’я»: двое загінулых і 13 параненых. «Ваенныя дзеянні набудуць яшчэ больш востры і разлютаваны характар», – піша італьянская газета La Repubblica.

«Зваротны адлік пачаўся. У бліжэйшыя два месяцы бітва працягнецца – і яна будзе разлютаванай. Генералы абапал аналізуюць характар землянога покрыва, яны чакаюць таго, што на змену слоты прыйдзе лёд і па мясцовасці змогуць рухацца танкі. Украінцы адпраўляюць тысячы мужчын для праходжання навучання на заходніх ваенных базах; расейцы спрабуюць навучаць мабілізаваных і затыкаць імі дзіркі ў выматаных паразамі брыгадах. І тыя, і другія назапашваюць амуніцыю і зброю: Кіеў з некаторымі цяжкасцямі атрымлівае іх ад саюзнікаў, у той час як Масква наскрабае іх па ваенных складох яшчэ савецкіх часоў. Абодва бакі спрабуюць удасканаліць тэхніку і тэхнічныя сродкі, каб заспець суперніка знянацку», – канстатуе італьянскае выданне.

Францыя мае намер паставіць Украіне лёгкія танкі AMX-10RC, Вашынгтон – БМП Bradley, а канцлер ФРГ Олаф Шольц абвясціў аб тым, што Нямеччына дасць Кіеву БМП Marder. Як адзначыў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, гэта новы ўзровень падтрымкі Украіны ў яе супраціве расейскай агрэсіі. Аглядальнікі вітаюць гэтыя рашэнні і пішуць аб тым, што Украіне патрэбна яшчэ больш узбраення. «Ужо ў які раз Еўропа дзейнічае раз’яднана», – наракае нямецкая газета tagesschau.de.

«А яна ж магла б адказаць на пуцінскае вар’яцтва згуртавана і эфектыўна: калі б з боку многіх еўрапейскіх краін рушылі ўслед сумесныя пастаўкі танкаў Украіне. Па словах эксперта па знешняй палітыцы ад СДПГ Міхаэля Рота, 13 краін у агульнай складанасці маюць дзве тысячы танкаў Leopard-2. І ў выпадку сумесных паставак гэта было б не аднабаковым жэстам з боку Нямеччыны, хаця і запатрабавала б згоды Берліна, паколькі гаворка ідзе пра танк нямецкай вытворчасці. «Самы страшны сон Пуціна» – па выразе Олафа Шольца з таго ж артыкула ў амерыканскім часопісе Foreign Affairs – гэта моцны Еўразвяз, які не дазваляе сябе раскалоць. Гэта Еўразвяз, у якім Нямеччына і Францыя супрацоўнічалі б яшчэ больш шчыльна. Так што прыйшоў час зрабіць так, каб гэты страшны сон Пуціна стаў явай!», – заклікае нямецкае выданне.

У чэрвені ў Турцыі павінны прайсці парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, калі, вядома, яны не будуць перанесены на больш ранні тэрмін. Галоўны выклік Эрдагану падчас выбараў кіне апазіцыйны альянс у складзе шасці партый. Апазіцыя мае намер адмяніць усталяваную ў краіне прэзідэнцкую сістэму, дзякуючы якой Эрдаган засяродзіў у сваіх руках вялізную ўладу. Альянс, аднак, пакуль не спяшаецца аб’яўляць імя агульнага кандыдата. Грэчаскае выданне HuffPost Greece папярэджвае:

«Ва Усходнім Міжземнамор’і 2023 год – гэта год выбараў: у Грэцыі, на Кіпры і ў Турцыі будуць сфарміраваны новыя ўрады, перад якімі паўстане задача не толькі вырашыць назапашаныя агульныя праблемы, але і палепшыць адносіны паміж вышэйзгаданымі краінамі, у якіх цяпер пануенапружанасць. Нягледзячы на гэта, нельга забываць і пра тое, што наш апанент Турцыя можа ўступіць у фазу нестабільнасці, калі раптам вынікі выбараў будуць неадназначнымі, і перш за ўсё ў тым выпадку, калі „султан” упусціць перамогу з мінімальным адрывам. Не выключана, што мы нават станем сведкамі сутыкненняў і распаду, падобных да тых, што мы назіралі падчас спробаў перавароту ў ліпені 2016 года», – папярэджвае грэчаскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка