Агляд прэсы: момант ісціны
Тавараабарот Беларусі і Расеі за дзевяць месяцаў 2022 года павялічыўся на 9%. Вайна супраць Украіны: што далей? Новы цень у адносінах паміж Германіяй і Польшчай. Гішпанія: дамоўленасць з банкамі, каб пазбегнуць высялення. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«24 лістапада, у Савеце Міністраў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі адбылася сустрэча на высокім узроўні па пытаннях прамысловага супрацоўніцтва. Гэта адна з многіх сустрэч, якія Беларусь і Расія правялі разам з пачатку ўварвання Расіі ва Украіну 24 лютага. З-за жорсткіх санкцый Захаду абедзве краіны значна павялічылі сваё эканамічнае і палітычнае супрацоўніцтва, каб справіцца з ціскам санкцый», – паведамляе міжнароднае выданне bne IntelliNews.
«За дзевяць месяцаў 2022 года двухбаковы тавараабарот Расеі і Беларусі вырас на 9% і дасягнуў 30,5 млрд даляраў. За гэты перыяд аб’ём расейскага імпарту з Беларусі вырас на 14,6%. З аднаго боку, улічваючы вялікую колькасць гандлёвых і крэдытных пагадненняў, падпісаных у гэтым годзе, гэты рост даволі мізэрны. З іншага боку, можна меркаваць, што эфект ад гэтых двухбаковых гандлёвых і крэдытных пагадненняў пачне паказваць вынікі ў 2023 годзе. Паколькі сёлета заходнія санкцыі заблакавалі каля 18 мільярдаў даляраў беларускага экспарту, Беларусь прыкладае ўсе намаганні, каб перанакіраваць свой гандаль у бок Расеі, Кітая і астатняга свету. Беларускія чыноўнікі часта падкрэсліваюць высокі попыт і вялікія магчымасці на расійскім рынку для беларускіх вытворцаў. Беларуская прадукцыя прамысловасці, сельскай гаспадаркі і сферы паслуг, безумоўна, канкурэнтаздольная на расейскім рынку. Аднак ці будуць расейскія прадпрыемствы і спажыўцы набываць тую колькасць прадукцыі, якую Беларусь хоча выгрузіць на расейскі рынак, сказаць цяжка. Хутчэй за ўсё, у афіцыйных беларускіх ацэнках ёсць доля выдаць жаданае за наяўнае. Расея таксама відавочна разглядае сваю актывізаваную двухбаковую інтэграцыю з Беларуссю як добры прыклад таго, чаго яна хоча дасягнуць з іншымі постсавецкімі краінамі. З падпісаннем большай колькасці двухбаковых пагадненняў Расея і Беларусь будуць узмацняць ціск на іншыя постсавецкія краіны, каб яны рабілі тое ж самае», – піша міжнароднае выданне.
З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны прайшло дзевяць месяцаў. У сваім відэазвароце да нацыі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падкрэсліў гатоўнасць украінцаў супраціўляцца. Як заявіў прэзідэнт, нават сваімі ўдарамі па ўкраінскай інфраструктуры Расея не зможа зламаць волю ўкраінскага народа. Еўрапейская прэса піша пра тое, як выглядае сітуацыя напярэдадні зімы. Італьянская газета La Stampa таксама адзначае тое, што вайна ўступае ў новую фазу.
«За адносна патавай сітуацыяй, якая склалася на Данбасе пасля нядаўніх наступальных аперацый ВСУ, рушылі ўслед чарговыя расейскія ўдары па «брацкім народзе», якія маюць на мэце зламаць супраціў украінцаў і прымусіць іх пайсці на капітуляцыю. Наступаюць халады, і праз пару месяцаў, паводле пуцінскіх разлікаў, Зяленскаму давядзецца здацца. Ці ж ён будзе скінуты. У гэтым пункце шмат залежыць ад рашэнняў Захаду. За апошнія тыдні з Вашынгтона ўкраінцам паступала нямала сігналаў, якія намякаюць на тое, што варта было б пайсці на перамовы. Паводле ацэнак Пентагона, поўная перамога, якая ўключала б у сябе вяртанне Крыма і Данбаса, уяўляецца немагчымай», – падкрэслівае італьянскае выданне.
Пасля гібелі двух чалавек у польскім сяле Пшаводаў у выніку падзення ракет Германія выступіла з прапановай даць краіне сістэмы СПА Patriot. Спачатку ў Варшаве адобрылі прапанову, аднак затым лідар партыі Права і справядлівасць Яраслаў Качыньскі і міністр абароны краіны Марыюш Блашчак прапанавалі даць гэтыя зенітныя ракетныя комплексы Украіне. Міністр абароны ФРГ Крысціне Ламбрэхт у адказ заявіла, што комплексы СПА прызначаны для абароны краін НАТА. «Паводзіны Варшавы шмат сведчаць пра стан германа-польскіх адносін», – піша нямецкая газета Die Welt.
«Тое, што адбываецца азначае, што рэпутацыя Нямеччыны ў яе вялікага ўсходняга суседа сапсаваная, але ў той жа самы час Берлін змушаны мець справу з тым, для каго крыўды на Нямеччыну часам важней адзінства саюза заходніх дзяржаў, добрых адносін з заходнім суседам, ці нават уласнай бяспекі. Нямеччына абавязаная зрабіць з гэтага высновы ў плане сваіх стасункаў з Польшчай. Нягледзячы ні на што, нямецкія палітыкі павінны працягваць імкнуцца да добрых адносін з няпростым партнёрам Польшчай. Гэтая краіна занадта блізкая – і занадта важная для нас», – падкрэслівае нямецкае выданне.
Урад Гішпаніі сумесна з Цэнтральным банкам і Асацыяцыяй банкаў узгадніла пакет мер па змякчэнні наступстваў бягучага павышэння працэнтных ставак па іпатэчных крэдытах. Ад гэтай меры выйграюць каля мільёна хатніх гаспадарак з нізкім даходам, а акрамя таго, прынятыя меры дазволяць пазбегнуць масавых высяленняў, падобных да тых, што мелі месца ў выніку крызісу 2008 года. Гішпанская газета La Vanguardia вітае супрацоўніцтва банкаў і ўрада.
«Гэты пакет мер павінен дапамагчы пазбегнуць нявыплат па крэдытах і, адпаведна, прымусовых высяленняў. План такой сацыяльнай падтрымкі ва ўмовах росту ставак па іпатэчных крэдытах уключаны ў новы кодэкс належнай банкаўскай практыкі. Хоць выкананне гэтага кодэкса з’яўляецца справай добраахвотнай, яно становіцца абавязковым да выканання для тых банкаў, якія яго прымаюць. У любым выпадку, трэба аддаць належнае праяўленай эмпатыі і хуткасці, з якой урад і фінансавы сектар палягчаюць становішча сем’яў, якія пакутуюць ад павышэння працэнтных ставак», – канстатуе гішпанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя