Агляд прэсы: новыя саюзнікі
Чаму Беларусь хоча размясціць расейскую тактычную зброю? Фінляндыя ўступіла ў НАТА і ўзяла правы накірунак. Паслявыбарная будучыня Чарнагорыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
«Палітычныя і медыйныя дыскусіі вакол заявы Пуціна, што Расея рыхтуецца размясціць тактычную ядзерную зброю ў сваёй суседняй і саюзнай краіне Беларусі, сканцэнтраваліся на тым, што статус ядзернай звышдзяржавы Расеі, яе мысленне і намеры ў гэтым кантэксце, відавочна, маюць найбольшае значэнне. Аднак аналітычная галаваломка вакол гэтага развіцця была б няпоўнай без самой Беларусі і пазіцыі яе ўрада», – піша еўрапейскае выданне Eurasiareview.
„Пагадненні паміж Беларуссю і Расеяй тычацца толькі тактычнай ядзернай зброі, а не стратэгічнай (апошняя была размешчана на тэрыторыі Беларусі ў гады халоднай вайны); Беларусь будзе мець два тыпы дастаўных платформ, здольных несці ядзерныя боегалоўкі — ракетныя комплексы «Іскандэр» і 10 нядаўна мадэрнізаваных самалётаў. Ужо ў красавіку беларускія лётчыкі завершаць навучанне і змогуць кіраваць самалётам падвойнага прызначэння.
Аб’екты для захоўвання ядзернай зброі ў Беларусі будуць гатовыя да ліпеня.
Расея не будзе перадаваць ядзерную зброю пад прамы кантроль Беларусі.
Аднак канкрэтнай інфармацыі аб рэальных планах размяшчэння зброі на беларускай тэрыторыі не паведамляецца. Некаторыя каментатары сцвярджаюць, што Масква не мае намеру завяршыць фактычную перадачу ядзернай зброі і зацікаўлена толькі ў павышэнні ставак на эскалацыю, каб прымусіць ЗША/NATO да перамоваў. Пакуль застаецца нявызначаным, ці будзе расейскіая ядзерная зброя назаўсёды размешчаныя ў Беларусі, і калі так, то калі менавіта, поўнае вырашэнне галаваломкі патрабуе разумення мыслення ў Менску. Афіцыйныя асобы ў Менску непакояцца, што ў выпадку нападу на Беларусь Масква можа ў рэшце рэшт адмовіцца запусціць свой «ядзерны парасон», каб абараніць саюзніка, спадзяючыся на хуткую дээскалацыю, не рызыкуючы нанесці ядзерны ўдар па ўласнай тэрыторыі. Такім чынам, размяшчэнне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі мае на мэце мінімізаваць гэтую нявызначанасць і, такім чынам, павялічыць давер да стрымлівання», – піша еўрапейскае выданне.
Фінляндыя афіцыйна стала трыццаць першай краінай-сябрам НАТА.
У аўторак у Бруселі міністр замежных спраў Фінляндыі Пека Хаавіста ўручыў грамату аб уступленні свайму амерыканскаму калегу Энтані Блінкену, які перадасць яе на захоўванне ў Вашынгтон, дзе ў свой час і быў заснаваны альянс. Між тым, Турцыя працягвае блакаваць уступленне ў НАТА Швецыі. Еўрапейская прэса разыходзіцца ў сваіх ацэнках і меркаваннях наконт уступлення Фінляндыі ў НАТА. «Нарэшце Фінляндыя выйшла з ценю Расеі», – з натхненнем піша шведская газета Dagens Nyheter.
«З гэтага моманту Фінляндыя больш не з’яўляецца буфернай дзяржавай на мяжы з Расеяй, але стала паўнавартаснай і паўнапраўнай заходняй краінай. Распад СССР, уступ Фінляндыі з усімі ўшанаваннямі ў ЕЗ, а зараз яшчэ і яе членства ў Паўночнаатлантычным альянсе, замацаванае 4 красавіка 2023 года ў штаб-кватэры НАТА ў Бруселі – прывід «фінляндызацыі» канчаткова згінуў. Гэта сапраўды гістарычны момант, які трэба адсвяткаваць усім, хто заступаецца за права невялікіх краін самім вырашаць свой лёс, да прыкрасці сваіх вялікіх суседзяў. І гэта павінна паслужыць напамінам усім тым, хто прыводзіў «фінляндызацыю» у якасці магчымай мадэлі для будучыні Украіны – напрыклад, прэзідэнту Францыі Макрону», – звяртае ўвагу шведскае выданне.
Адначасова на парламенцкіх выбарах у Фінляндыі кансерватыўная Нацыянальная кааліцыйная партыя абышла супернікаў, набраўшы 20,8 працэнты галасоў. Правапапулісцкая партыя Сапраўдныя фіны атрымала 20,1 працэнта, а кіруючая Сацыял-дэмакратычная партыя пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Саны Марын – 19,9 працэнта. Галоўнымі тэмамі перадвыбарнай кампаніі былі пытанні бюджэту і дзяржаўнай запазычанасці. Еўрапейская прэса аналізуе вынікі і разважае над тым, чым абернецца для краіны і Еўропы ўздым правага і ўльтраправага руху. «Нягледзячы на ўзмацненне фінскіх правых, падставы для трывогі няма», – упэўненая ўкраінская газета Українська правда.
«Палітычная воля падтрымаць Украіну падчас абароны ад расейскай агрэсіі была і застаецца высокай: усе разумеюць, што вынік вайны ва Украіне ў стратэгічным стаўленні азначае, наколькі бяспечным будзе ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі становішча Фінляндыі – «паўночнага фарпоста» Еўропы. Фіны вельмі добра памятаюць, як у свой час самі сталі ахвярай такой жа агрэсіі Масквы і, верагодна, менавіта гэта радыкальна адрознівае правых папулістаў Фінляндыі ад падобных ім партый у Францыі ці Нямеччыне, калі выказацца коратка і вобразна, то цяпер ступень іх «русафобіі» больш чым дастаткова! Важна, што праблемай не павінна стаць нават уваходжанне ў кааліцыю «Сапраўдных фінаў». Падчас перадвыбарных дэбатаў лідар «Сапраўдных фінаў» Рыіка Пура заявіла, што Украіне трэба дапамагаць яшчэ больш», – канстатуе ўкраінскае выданне.
Як вядома, пераможцам другога тура прэзідэнцкіх выбараў у Чарнагорыі стаў 36-гадовы Якаў Мілатовіч, які прадстаўляе рух «Еўропа зараз». Аглядальнікі аналізуюць няпростую сітуацыю, якая склалася ў краіне. «Намеры Мілатовіча зусім незразумелыя», – лічыць венгерская газета Jutarnji list.
«І вось на чале дзяржавы ўстаў малады, 36-гадовы Якаў Мілатовіч – свайго роду палітычная загадка, а да таго ж яшчэ і цёмны конік у плане ідэнтычнасці (а гэта вырашальны фактар у Чарнагорыі). Ці стануць грамадзяне Чарнагорыі, якія адчуваюць сябе чарнагорцамі, а не сербамі ці албанцамі, этнічнай апазіцыяй ці нават меншасцю ў сваёй уласнай краіне? Асцярога, што Чарнагорыя можа стаць траянскім канём Расеі ў інстытутах НАТА, стала зараз прадметам роздумаў і дыскусій», – адзначае венгерскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка