Агляд прэсы: „няма ежы – няма выбараў!”
ФБР праводзіць ператрус у асабняку Дональда Трампа ў Фларыдзе ў пошуках доказаў магчымага злачынства, за пасаду кіраўніка Кеніі змагаюцца чатыры кандыдаты, а краіна ў галечы, «новая нармальнасць»: як Еўропа пацярпела ад засухі, тэнісісты згуляюць у дапамогу Украіне, – апошнія сусветныя навіны ў аглядзе прэсы ад Антона Разумоўскага.
Былы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў у панядзелак, што агенты Федэральнага бюро расследаванняў, увайшлі, каб правесці ператрус у яго асабняку Мар-а-Лага ў Палм-Біч у штаце Флорыда. Піша іспанскае выданне El Pais. ФБР можа праводзіць гэты від ператрусу толькі з судовага дазволу, і каб даць яго, суддзя павінен ацаніць верагоднасць здзяйснення злачынства. Ні ФБР, ні міністэрства юстыцыі, ад якога яно залежыць, не далі тлумачэнняў з гэтай нагоды. Сам Трамп у сваёй заяве запэўніў, што яго дом быў «у аблозе, занятым вялікай групай агентаў ФБР». «Нічога падобнага ніколі не адбывалася з прэзідэнтам Злучаных Штатаў», — напісаў Трамп. Нешта падобнае, дадаў ён, «магло адбыцца толькі ў краінах трэцяга свету». Трамп знаходзіцца пад пільнай увагай з боку Міністэрства юстыцыі за яго спробы сфальсіфікаваць вынікі выбараў 2020 года, і некалькі месяцаў таму ўзніклі падазрэнні ў тым, што ён узяў у Мар-а-Лага афіцыйныя дакументы, класіфікаваныя як сакрэтныя. Па словах дзвюх крыніц, знаёмых з расследаваннем, на якія спасылаецца The New York Times, ператрус, здаецца, сканцэнтраваны менавіта на матэрыялах, якія Трамп адвёз у Мар-а-Лага пасля таго, як пакінуў Белы дом і якія маглі ўключаць скрыні з сакрэтнымі дакументамі. Пачуўшы гэтую навіну, некаторыя прыхільнікі Трампа выйшлі да рэзідэнцыі Мар-а-Лага са сцягамі ЗША ў падтрымку экс-прэзідэнта.
У Кілгарысе, на паўднёвым захадзе Кеніі, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, якія праходзяць сёння, супрацоўнікі выбарчых участкаў атрымліваюць апошнія інструкцыі ад прадстаўніка выбарчай камісіі перад тым, як атрымаць матэрыялы, прызначаныя для іх акругі.
Ва ўзросце 60 гадоў Беатрыс Ацьено ніколі не ўдзельнічала ні ў адной дэманстрацыі, чытаем у артыкуле французскай газеты Le monde. Але калі ў ліпені грамадзянскі рух Njaa Revolution «Рэвалюцыя голаду» арганізаваў гіганцкі марш у цэнтры Найробі, гэтая маці-адзіночка не доўга вагалася далучыцца да працэсіі, трымаючы ў руках надпіс: «Няма ежы – няма выбараў! Сёння на прэзідэнцкія выбары, яна ўсё ж пойдзе галасаваць. За пасаду кіраўніка дзяржавы змагаюцца чатыры кандыдаты, сярод іх няма дзейнага прэзідэнта Ухуру Кеніаты з-за ўсталяванага канстытуцыяй абмежавання двума тэрмінамі. Фаварытамі лічацца Раіла Одзінга і віцэ-прэзідэнт рэспублікі Уільям Руто, які займаў пасаду прэм’ера ў 2008-2013 гадах. Прэзідэнцкія, парламенцкія і мясцовыя выбары пройдуць сёння ў Кеніі – краіне, чыя эканоміка з’яўляецца найбуйнейшай ва Усходняй Афрыцы. Тым не менш па дадзеных Сусветнага банка, пандэмія і рэзкі рост коштаў загналі 2 мільёны кенійцаў у галечу, а ўзровень беспрацоўя падвоіўся.
Брытанскае выданне The Telegraph дэманструе на фотаздымках да чаго прывяла найгоршая засуха ў Еўропе — гэта і сухое рэчышча возера Брэнец, частка ракі Ду, якая з’яўляецца натуральнай мяжой паміж усходняй Францыяй і заходняй Швейцарыяй. Большая частка Еўропы знаходзіцца ў стане спёкі пачынаючы з чэрвеня. Самая моцная засуха ў Еўропе за апошнія дзесяцігоддзі б’е па дамах, заводах, фермерах і грузавых перавозках па ўсім кантыненце, паколькі эксперты папярэджваюць, што больш сухія зімы і пякучае лета, выкліканыя глабальным ацяпленнем, азначаюць, што дэфіцыт вады стане «новай нармальнай з’явай». Еўрапейская абсерваторыя ЕС па засухах падлічыла, што да сярэдзіны ліпеня 45% тэрыторыі знаходзіліся пад папярэджаннем пра засуху, а на 15% ужо быў аб’яўлены чырвоны сігнал, што прымусіла Еўрапейскую камісію папярэдзіць пра «крытычную» сітуацыі ў некалькіх рэгіёнах.
Больш за 100 французскіх муніцыпалітэтаў не маюць праточнай пітной вады і забяспечваюцца грузавікамі. З самай нізкай калі-небудзь зарэгістраванай вільготнасцю глебы і колькасцю ападкаў у ліпені на 85% ніжэй, чым звычайна, у 93 з 96 кантынентальных дэпартаментаў краіны дзейнічаюць абмежаванні на ваду, уключаючы шлангі і забарону на арашэнне. Запасы вады ў Іспаніі знаходзяцца на самым нізкім узроўні і скарачаюцца з хуткасцю 1,5% у тыдзень праз павелічэння спажывання. Паводле ўрада перыяд будзе самым засушлівым за апошнія 60 гадоў. За апошнія тры месяцы ў краіне выпала менш за палову чаканых ападкаў у гэты час года. Паводле звестак Еўрапейскай інфармацыйнай сістэмы аб лясных пажарах, гэта самы страшны год лясных пажараў у Іспаніі за апошнія 30 гадоў.
Полька Іга Свёнтэк згуляе ў турніры перад US Open, дзякуючы якому тэнісісткі збяруць 2 мільёны даляраў для Украіны. Выступіць, сярод іншых, Рафаэль Надаль. А ці прымуць у турніры беларускія і расейскія тэнісісты? – задаецца пытаннем Gazeta Wyborcza.
Прынамсі арганізатары нью-ёркскага турніру заклікаюць расейскіх і беларускіх тэнісістаў прыняць удзел у дабрачыннай акцыі. Пакуль што вядома, што дабрачынны турнір адбудзецца 24 жніўня. У ліпені, нагадаю, у польскім Кракаве адбыўся дабрачынны тэнісны турнір з удзелам Ігі Свёнтэк і Ангешкі Радваньскай, сродкі ад якога перадалі ў падтрымку Украіны, якая пакутуе ад расейскай агрэсіі.
Беларускае Радыё Рацыя