Агляд прэсы: віламі па вадзе



Ці прывядзе ціск Захаду да «зліцця» Расеі з Беларуссю? Лёс пагаднення па ўкраінскім збожжы. Ці маецца выйсце з палітычнага крызісу Італіі? Польшча абмяркоўвае чатырохдзённы працоўны тыдзень. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Пуцін і Лукашэнка прыйшлі да высновы, што далейшае стварэнне «саюзнай дзяржавы» абароніць іх народы ад санкцый. Пуцін выказаўся так, быццам заходнія краіны павінны былі падзякаваць за ажыццяўленне яго шматгадовай мары аб’яднаць Расею з суседняй Беларуссю. А Лукашэнка заклікаў лідэраў іншых краінаў постсавецкай прасторы збліжацца з «саюзнай дзяржавай» Расеі і Беларусі, альбо сутыкнуцца са стратай незалежнасці», – аналізуе сітуацыю арабскае выданне Aljazeera.

„З канца 1990-х гадоў Лукашэнка вельмі імкнуўся аб’яднаць сваю былую савецкую краіну з 9,2 мільёнамі насельніцтва з Расеяй, і нават падпісаў пагадненне аб стварэнні «саюзнай дзяржавы» з агульнай канстытуцыяй і парламентам. Былы кіраўнік калгаса па мянушцы «Бацька» спадзяваўся стаць пераемнікам п’янага расейскага прэзідэнта Барыса Ельцына, псіхічны і фізічны стан якога імкліва пагаршаўся. Аднак у 1999 годзе Ельцын прызначыў сваім пераемнікам Пуціна, кіраўніка выведкі, які не п’е, і Лукашэнка ў выніку затармазіў зліццё. Зараз увогуле Лукашэнка загнаны ў кут. Для многіх назіральнікаў зараз зліццё Беларусі і Расеі – справа зробленая; яны разглядаюць гэта як частку планаў Масквы абвясціць аб адраджэнні ўсечанай копіі Савецкага Саюза ў снежні гэтага года. Але іншыя аналітыкі кажуць, што Лукашэнка ўсё яшчэ спрабуе даць адпор: маўляў, у той час як заявы Пуціна аб аб’яднанні – шанец павысіць яго рэйтынг у Расеі, словы Лукашэнкі пра саюзную дзяржаву – не што іншае, як «сігнал трывогі» для Захаду. Пры гэтым ён працягваў даіць Крэмль, атрымліваючы шматмільярдныя крэдыты, льготны газ, гандлёвыя прэферэнцыі і льготы для беларускіх працоўных мігрантаў», – адзначае арабскае выданне.

У сераду прадстаўнікі Украіны, Расеі і Турцыі сустрэліся ў Стамбуле для таго, каб зноў правесці перамовы аб калідоры, па якім 20 мільёнаў тон збожжа з Украіны маглі б патрапіць на сусветны рынак праз Турцыю. Згодна з турэцкімі крыніцамі, пагадненне было дасягнута, але пакуль што ніякія дакументы не былі падпісаны або апублікаваны.

«Вырашальнай у дадзеным кантэксце стане толькі сустрэча Пуціна і Эрдагана 19 ліпеня», – піша румынская газета Adevărul.

«Менавіта тады будуць прынятыя найважнейшыя рашэнні, таму што, – увага! – цяперашняе пагадненне аб транспарціроўцы збожжа да гэтага часу не падпісанае, і неабходна асцярожнасць, што таксама падкрэсліваецца ў заяве ААН. Аднак, калі перамовы акажуцца паспяховымі, кантроль над Чорным морам можа быць рэструктураваны паводле формулы, гарантаванай Расеяй і Турцыяй, з уключэннем у гэтае ўраўненне Украіны, з часам будзе відаць, з якімі менавіта гарантыямі. На сустрэчы, магчыма, таксама будуць абмяркоўвацца ўмовы спынення агню, што, як правіла, з’яўляецца гарантыяй бяспекі транспартных перавозак», – паведамляе румынскае выданне.

У чацвер прэм’ер-міністр Італіі Марыё Драгі падаў заяву аб адстаўцы пасля таго, як дэпутаты Сената ад партнёра па кааліцыі Руху пяці зорак падчас галасавання аднагалосна пакінулі залу. Прэзідэнт краіны Серджыа Матарэла адмовіўся прыняць адстаўку Драгі, заявіўшы, што прэм’ер павінен зноў паспрабаваць дабіцца большасці ў парламенце. Аглядальнікі абмяркоўваюць перспектывы гэтых падзеяў для Італіі і Еўропы. «Больш нязручны момант было цяжка і прыдумаць», – падкрэслівае італьянская газета Avvenire.

«Што ж мы маем зараз? Палітычны крызіс. У самы разгар рэцэсіі пры татальным збядненні грамадзян падчас пандэміі і з сапраўднай вайной у сэрцы Еўропы. Пры гэтым, з найвострым дэфіцытам энергетычных рэсурсаў, глабальным недахопам харчавання, і ўсё гэта ў эпоху змены клімату, які абяцае свету катастрафічную засуху. Ці можна было знайсці час і кантэкст яшчэ горш для таго, каб вырашыць урадавы крызіс? Пагоршыць няўпэўненасць італьянцаў, якія і без таго з цяжкасцю знаходзяць ці захоўваюць працу і спраўляюцца з ростам коштаў – самы бессэнсоўны і мазахісцкі занятак, які змаглі прыдумаць для краіны нашы палітычныя сілы», – гіранізуе італьянскае выданне.

Кіраўнік апазіцыйнай Грамадзянскай платформы Дональд Туск хоча, каб палякі працавалі менш: у суботу ў Шчэціне ён аб’явіў, што напярэдадні парламенцкіх выбараў у наступным годзе яго партыя распрацуе падрабязную пілотную праграму чатырохдзённага працоўнага тыдня. Польскае выданне Wprost дзеліцца наступнымі развагамі.

«Ключавыя перавагі чатырохдзённага працоўнага тыдня ўключаюць у сябе паляпшэнне працоўнай атмасферы і дабрабыту супрацоўнікаў, зніжэнне рызыкі эмацыйнага выгарання, рост прадукцыйнасці працы і зніжэнне колькасці прагулаў, а таксама некаторыя плюсы ў плане прыцягнення супрацоўнікаў. З іншага боку, існуюць такія галіны, як ахова здароўя, выратавальныя службы і транспарт, дзе людзі працуюць кругласутачна, і дзе змяніць арганізацыю працы будзе, мякка кажучы, праблематычна. Скарачэнне працоўнага часу запатрабуе найму дадатковага персаналу або ўвядзення большай колькасці звышурочных гадзін, што, у сваю чаргу, павялічыць выдаткі», – піша польскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя