„Акцыя накіраваная на тое, каб падкрэсліваць прысутнасць музыкаў розных жанраў на Падляшшы”



Госць Рацыі – спявачка, лідарка гурта Ilo & Friends Ілона Карпюк, прамоўтарка культуры ў Беластоку. З ёй размаўляе наш карэспандэнт Стась Дадэрка наконт Дня падляшскай музыкі.

РР: Трэці раз 3 лютага будзе праводзіцца Дзень падляшскай музыкі. Чым сёлета ён будзе адметны і ў якіх формах пройдзе гэтая акцыя?

Ілона Карпюк: У агульным акцыя накіраваная на тое, каб падкрэсліваць прысутнасць музыкаў розных жанраў тут у нас, на Падляшшы, на Беласточчыне. Шырока гаворым пра Падляшскую музыку, бо тут межы і ваяводскія, і не толькі. Звяртаем увагу падчас гэтай акцыі на музыкаў, якія выйшлі з Падляшша, жывуць у розных месцах, у свеце, у Польшчы. Але таксама адсюль выходзяць, і часам нейкія сувязі наладжваюцца. І за гэтым сочыць вельмі інтэнсіўна журналіст польскага радыё “Беласток” Анджэй Байгуз, вось які быў сузаснавальнікам гэтай ідэі падляшскай музыкі. Ён шукае гэтыя сляды і розных людзей, якія складаюць агульна гэту вартасць падляшскай музыкі.

РР: А чаму вырашылі менавіта трэцяга лютага, чаму гэтая дата?

Ілона Карпюк: Я не памятаю, і нават не запыталася ў Андрэя, і ў Стэпа не запыталася ў свой час, чаму 3 лютага. Можа, быў час, што яны прыйшлі да высновы, што такая ідэя ў нас ёсць, давайце знойдзем нейкі дзень і арганізуем.

РР: Мы згадалі Лукаша Стэпанюка, нашага калегу, якога не стала летась, на жаль.

Ілона Карпюк: І добра, што ў нашым эфіры, бо Радыё Рацыя заўсёды ад самага пачатку гэтай акцыі ёсць адным з падмуркаў. Побач радыё “Беласток” і радыё ”Акадэра”. З радыё “Акадэра” ў свой час таксама Маціс Спінткоўскі вельмі актыўна арганізаваў гэты Дзень падляшскай музыкі. Гэта ўсе людзі, якім музыка з Падляшша вельмі блізкая. Кожны паходзіць з іншага месца, Маціс – з Гайнаўкі, Стэп – з Бельска-Падляшскага, Анджэй Байгуз – беластачанін. І яны прыйшлі да высновы, каб паказваць з розных бакоў падляшскіх музыкаў, розныя жанры музыкі. Таксама як Стэп.

РР: Стэп збіраў і сабраў вялікую „канцэртатэку”, так ён называў, шмат запісаў.

Ілона Карпюк: Ён хадзіў па канцэртах, запісваў – гэта адно. Але таксама працаваў і дапамагаў рок-музыкам і панкам, і хіп-поперам дапамагаў запісвацца. Тут таксама не абмяжоўваўся ніводным жанрам і прытуляў да сябе ўсіх музыкаў, якім патрэбная была дапамога, апрацоўка гуку, якіх думаў, што варта запісаць. Проста дапамагчы, каб гэта захавалася, і каб паказаць каларыт нашай падляшскай музыкі.

З другога боку Анджэй Байгуз, вось якога згадваю ў чарговы раз, ён займаецца і пад сацыялагічным ухілам аналізам гэтай нашай музыкі. Ён арганізаваў розныя дыскусіі, дэбаты вакол музыкі. Напрыклад, параўнаў музыку Беластока і Ісландыі, таму што там у Ісландыі такая колькасць насельніцтва, як у Беластоку. І там ёсць поспех а тут чамусьці няма. І ў гэтых параўнаннях дайшлі да таго, каб у адзін дзень у эфіры гэтых трох радыёстанцый у шырокім эфіры, а таксама на сайтах асобных людзей, на сайтах установаў культуры, арганізацый, якія блізкія да культуры, але не толькі, варта, каб 3 лютага дзяліцца тым, што цябе інспіруе тут, у лакальным асяроддзі. Гэтая акцыя, каб падкрэсліваць, колькі гэтых музыкаў, гуртоў, салістаў ёсць.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя