Алена Маслюкова: Настаўнікі, апрытомнейце ў рэшце рэшт!
Школа і палітыка – рэчы, якія павінны быць несумяшчальнымі, але не беларускія. Асабліва пасля жнівеньскіх падзей 2020 года і трагічных падзей ва Украіне.
„Госць Рацыі” былая настаўніца гісторыі, праваабаронца Алена Маслюкова:
– Прапрацаваўшы больш за трыццаць гадоў у сістэме адукацыі я магу сказаць, што тое, што зараз адбываецца ва Украіне, як каментуюць гэта мае калегі, а я ў прынцыпе называю калегамі ўсіх настаўнікаў Беларусі, былымі калегамі, адбываецца не проста так. Па-першае, пытанне ўзроставае – калі чалавек атрымліваў адукацыю. Калі атрымлівае зараз і выходзіць малады спецыяліст, ці задаецца ён пытаннем, што яму выкладаюць і як яму выкладаюць? Калі гэта выкладчыкі больш старога ўзросту, то таксама пытанне і вельмі шмат пытанняў. Гэта сістэма савецкая, людзі выхаваныя ў савецкі час. Паглядзіце, якія цацкі прадаваліся за савецкім часам. Гэта танкі, машынкі, аўтаматы, шаблі і гэтак далей. Гэта на дзіцячым узроўні ідзе працэс узбраення, гэта ідзе працэс выхавання гвалту. Ён незаўважны, ён бяскрыўдны. „Я хачу пісталецік. Пасля я з гэта пісталеціка буду страляць, гуляць у вайнушку”. Гэта культывавалася. Калі цяпер у 21 стагоддзі адбываецца дзікунства, проста дзікунства, настаўнікі, якія павінны фармаваць асобу праз свой прадмет, я не кажу выхоўваць. Гэта асобнае пытанне таму, што я заўсёды займала пазіцыю даволі жорсткую. Я. як настаўнік, абавязаная вучню даць веды, навучыць яго вучыцца. Але я, як настаўнік, не маю права займацца выхаваннем гэтага дзіцяці, па той простай прычыне, што дзіцяці выхоўваецца ў сям’і. Усе каштоўнасці сямейныя мусяць закладацца ў сям’і. Тое, што зараз адбываецца, гэта абсалютнае раздваенне і растраенне асобаў. Паглядзіце, мы бяром адукацыю ў Савецкім Саюзе і гэта наступствы да гэтага часу. Кажуць Савецкі Саюз быў сям’ёй народаў, людзі выбачайце міленькія, якая ж сям’я народаў калі на бытавым узроўні ў сям’і і ў грамадстве дзеці чулі: „Той вузкавокі, гэты чарнаморды, а гэты хахол, а то пайшоў бульбаш, а гэты лабус”. Гэта абраза, гэта нішто іншае, як мова варожасці. На першы погляд гэта як бы не заўважна, але гэта застаецца ў дзецях. Элементарныя правы чалавека мусяць выкладацца настаўнікамі, а настаўнікі ў нас, можа яны і будуць на мяне крыўдаваць, яны моцна недавучаныя. Яны моцна недавучаныя не ў сваім прадмеце, а ў мастацтве суіснавання ў краіне. Настаўнікі сёння пераўтварыліся ў глашатых гэтай жорсткай недэмакратычнай, я б сказала таталітарнай сістэмы, якая ўсталявалася ў Беларусі. Паглядзіце, што адбываецца, арыштоўваюць лекараў, айцішнікаў, а колькі настаўнікаў былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці. Я гэтых людзей паважаю, бо ў іх хапіла мужнасці. Настаўнікі, я зараз звяртаюся да вас, калі вы мяне чуеце, ды ў рэшце рэшт апрытомнейце!
З госцяй Радыё Рацыя Аленай Маслюковай размаўляла наш карэспандэнт Аліна Андрыевіч.
Беларускае Радыё Рацыя