Аліна Коўшык пра Стратэгію нацыянальнага адраджэння
Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі прэзентавала дакумент, прысвечаны канцэпцыі і стратэгіі адраджэння і развіцця краіны. Што ён уяўляе сабой? Чаму дакумент важна было распрацаваць цяпер?
На гэтыя і іншыя пытанні „Госця Рацыі” – сустваральніца „Канцэпцыі…”, прадстаўніца АПК Аліна Коўшык – адказала нашай карэспандэнтцы Марыне Савіцкай.
РР: Чаму важна было распрацаваць і прэзентаваць канцэпцыю стратэгію?
Аліна Коўшык: Мы бачым, як напрацягу 2023 года ідзе планамернае вынішчэнне беларускай нацыі, беларускай культуры, беларускай адукацыі. Гэта не проста працэс русіфікацыі, гэта працэс страты культурнай незалежнасці нашай краіны. Які быў канешне і раней, але ён абсалютна інтэнсіфікаваўся ў 2023 годзе. Мы бачым, што гэта планамерны працэс, палітыка, якая кіруецца з Крамля. Гэта не працэс, якім кіруе Лукашэнка. Дзеля таго, каб Беларусь стала фактычна калоніяй неарасейскай імперыі.
Мы гэтага не павінны дапусціць, таму вельмі важна, каб у Беларусаў было адзінае разуменне таго, як можна ўзмацніць сябе, як нацыю. Таму мы стварылі вось гэтую канцэпцыю і стратэгію нацыянальнага адраджэння і развіцця, дзеля таго, каб задаць агульную рамку. Гэта вельмі аб’ёмны дакумент, над напаўненнем якога насамрэч яшчэ могуць працаваць вельмі багата людзей. Гам было вельмі важна даць сапраўды асноўныя пункты, на якіх мы будзем абапіраць нашыя далейшыя дзеянні.
Больш за тое для нас было важна, каб паказаць, што беларускасць, беларуская ідэнтычнасць – гэта тое, што можа стаць нашым крэда, нашым каменем, чымсьці, што мы будзем развіваць, на чым мы будзем далей базаваць нашыя дзеянні. Вы выдатна разумееце, што без моцнай нацыянальнай ідэнтычнасці проста не будзе існаваць нашая дзяржава. Бо за яе ніхто не будзе змагацца, яна нікому не будзе патрэбна. Мы перакананыя, беларусы ў 2020 годзе паказалі, што нам патрэбная нашая дзяржава, нам патрэбныя нашыя нацыянальныя сімвалы. Мы бачым, як ідзе паступовае вяртанне некаторых людзей да беларускай мовы, больш прыязнае стаўленне. Гэтаму спрыяюць гэтыя жудасныя палітычныя абставіны ў якіх мы апынуліся. Але мова – гэта наша зброя і гэта нашая абарона. Гэта тое, што дапаможа нам выжыць і захаваць нашую краіну.
Таму пытанне, Стратэгія нацыянальнага адраджэння і развіцця – гэта не проста дакумент, які прысвечаны культуры ці гісторыі Беларусі, гэта дакумент, які фармуе нашае бачанне будучыні і гэта дакумент, які фармуе, у тым ліку, нашу нацыянальную бяспеку, таму вось я гляджу на гэта з такога боку.
Нагадаем, дакумент „Канцэпцыя і стратэгія нацыянальнага адраджэння і развіцця” быў прадстаўлены ў Варшаве Witryna Domu Wschodniego 27-га лістапада.
Беларускае Радыё Рацыя