Аляксандр Шымкавяк: Гульня з Кітаем? Мы тут у шоку
Жаночая баскетбольная Беларусі не змагла трапіць у лік 8 наймацнейшых зборных свету. Каманда Рымантаса Грыгаса прайграла кітаянкам – 67:72.
Беларускае Радыё Рацыя папрасіла трэнера гарадзенскай «Алімпіі» Аляксандра Шымкавяка пракаментаваць гэты матч і вынікі чэмпіянату.
Аляксандр Шымкавяк: Па гульні з Кітаем мы тут крыху ўсе ў шоку, асабліва па яе канцоўцы. Каманда, у цэлым тры перыяды адгуляла супер, але калі настаў час і каманда патрабавала дапамогі, то ад трэнерскага складу яна яе не атрымала. Не змяніўся ні малюнак гульні, ні тактыка пасля апошняга тайм-аута. Гэта мяне знервавала ў тым плане, што не была праведзена замена і не выйшла на пляцоўку тая ж Папова, якая магла б узмацніць абарону. А так, не згуляўшы ў нападзе, быў толькі шанец у моцнай абароне – не зрабілі нічога, таму і такое сумнае відовішча атрымалася.
РР: Беларуская зборная на гэты раз паказала ўсё, на што здатна?
Аляксандр Шымкавяк: Калі рабіць высновы, то каманда паказала нармальную гульню як раз толькі ў матчы з Кітаем. Што не атрамалася ў трэнераў – гэта ўжо на іх сумленні. Што тычыцца першых гульняў, то трэба быць аб’ектыўнымі – з Кубай нам д’ябальскі пашанцавала. Паўтарыць гэтую сітуацыю яшчэ 50 разоў, то станоўчага выніку не атрымалася б. Пры – 5 за секунды да канца прапусціць два «трульнікі»…Думаю, Куба сама была ў шоку. Іншая справа, што ў такім жа шоку апынуліся і мы ўчора…Гульня з Кітаем была за выхад у васьмёрку, больш важная, і мы былі ў паўкроку ад мэты. Для гэтай каманды месца ў васьмёрцы – гэта было б яе месца. На жаль, не атрымалася. Зараз тэндэнцыя павінна быць адна – трэба амаладжваць зборную, трэба нешта мяняць.
РР: Ці ёсць годная змена ў беларускім баскетболе лідарам беларускай жаночай зборнай.
Аляксандр Шымкавяк: Якая б яна ні была: годная ці не годная, але іншага шляху няма. Мы ж не будзем людзей да пенсійнага ўзросту трымаць у зборнай. Іншая справа, што трэба мяняць падыходы да працы дзіцячых спартовых школ, павялічваць аплату трэнерам. Калі падлічыць, колькі чалавек, якія заканчваюць ўніверсітэт па спецыяльнасці „трэнер па баскетболе”, потым ідуць працаваць трэнерамі, то пэўна і 1% не набярэцца – вось што парадаксальна. Пасля ўніверсітэту трэнер прыходзіць працаваць ў ДзЮСШ набірае шэсць груп дзяцей, каб выйсці на паўтары стаўкі (а гэта каласальны аб’ём работы), і атрымлівае 2-2,5 мільёнаў рублёў – хто ж на гэта пойдзе? Пакуль адносіны да дзіцячага баскетболу ў плане фінансавання вельмі кепскія. Таму ўся бяда пачынаецца з дзіцячага спорту.
Беларускае Радыё Рацыя