Анатоль Ляўковіч: Рыгоравіч заўтра без партфеля застанецца
„Замест ідэйнасці прыходзіць штучнасць”, — гэтак філосаф, адзін з адраджэнцаў сацыял-дэмакратычнага руху на Беларусі Анатоль Ляўковіч пракаментаваў адмову Міністэрства юстыцыі перарэгістраваць Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю „Грамада”. Арганізацыя ўважае сябе пераемніцай традыцый першай беларускай партыі — Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ).
Палітык адзначае, што рэжым пайшоў на стварэнне цалкам наменклатурных партый, а гэта простая небяспека для самаго кіраўніка краіны:
— А гэта ж наменклатура, гэта тое, што падседжвае самога Аляксандра Рыгоравіча. Ён зрабіў вертыкаль, а яны ўзначалілі гэтую вертыкаль, партфелі расхапалі. Рыгоравіч заўтра без партфеля застанецца — і ён гэта разумее. Працэс пайшоў, але ён ужо не ўплывае на гэты працэс.
Неўзабаве Вярхоўны Суд пачне разглядаць пазовы Мінюста на ліквідацыю партыі „Зялёных” і Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ „Адраджэнне”.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя