Аршанскія ІП выйшлі на пратэст
Індывідуальныя прадпрымальнікі Воршы 6-га студзеня выйшлі пратэставаць супраць увядзення прэзідэнцкага ўказа № 222, які прадугледжвае абавязковую сертыфікацыю тавараў.
Большасць прадпрымальнікаў закупляе тавары на оптавых базах у Расеі, дзе ніякія сертыфікаты на рукі прадпрымальнікам не выдаюцца.
Гандлёвыя шэрагі і павільёны пасля Новага года паступова пусцелі, але яшчэ 5-га студзеня карэспандэнт Беларускага Радыё Рацыя заўважыў некалькі працуючых кропак.
6-га студзеня канчаткова зачыніліся ўсе гандлёвыя месцы ў крытым рэчавым рынку „Кентаўр”, на гандлёвыя шэрагі на адкрытым рынку таксама ніхто працаваць не выйшаў.
Больш за тое, з адпаведнымі транспарантамі супраць указу прадпрымальнікі сабраліся непадалёк ад будынка адміністрацыі рынка.
Лідар рэспубліканскага грамадскага аб’яднання „Перспектыва” Анатоль Шумчанка на сваёй старонцы ў Фэйсбуку апублікаваў некалькі відэаазапісаў, на якіх паказваецца рынак і пратэст прадпрымальнікаў.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя