Азаранка і Сасновіч удала стартавалі на Ўімблдоне



Экс-першая ракетка свету Вікторыя Азаранка ў першым раўндзе турніру серыі „Вялікага шлема” ва Ўімблдоне святкавала перамогу ў двух сэтах над эстонскай тэнісісткай Анэт Кантавейт. Да шостага гейма ў паядынку ішло роўнае змаганне. Вікторыя Азаранка вяла ў ліку 3:2 з прычыны таго, што першай выйшла падаваць, а затым паставіла саперніцу у няёмкае становішча. З сітуацыі з падвойным брэйк-пойнтам беларуска прадказальна выйшла пераможцай, „выціснуўшы пры гэтым сокі” з Анэт Кантавейт у выніку доўгага розыгрышу. Дарэчы, у ім ініцыятывай валодала дзевятнаццацігадовая Кантавейт, аднак апошні ўдар застаўся за больш дасведчанай Азаранкай. Наступныя тры геймы Віка таксама запісала ў актыў, што азначала перамогу ў першай партыі 6:2 і ў першым гейме на падачы ў другім сэце. Да канца матчу Кантавейт здолела ўзяць усяго адно ачко, а сам паядынак доўжыўся пяцьдзесят восем хвілін. Выніковы лік – 6:2, 6:1. Таксама ў наступны раўнд прабілася Аляксандра Сасновіч. У стартавым паядынку адзіночнага разраду беларуска, якая займае 137-е месца ў сусветным рэйтынгу, перайграла ў трохсэтавым паядынку кітайскую тэнісістку Лін Жу  – 4:6, 7: 5, 6:1.

Беларускае Радыё Рацыя