Батумі: беларускія актывісты пачалі калядаванне
У грузінскім Батумі беларускія актывісты са «Спеўнага сходу» не забываюцца на свае традыцыі і распачалі калядаванне па кватэрах беларускіх актывістаў і журналістаў, што жывуць у гэтым грузінскім рэгіёне.
Пра тое, як ім спадабалася мерапрыемства, кажуць беларусы, да якіх ужо прыходзілі калядоўшчыкі:
– Спадабалася, гэта незвычайна, не заўжды ў такой сітуацыі апынаешся. Я, калі жыў у Менску, такога не бачыў: шмат касцюмаў, я б сказаў прафесійна зроблена.
– Гэтае свята самабытнай Беларусі напаткала нас і тут. Тут увогуле ўсё ўпрыгожана да святаў, увесь горад упрыгожаны. Цёпла, сонечна было, і гэта, канешне, таксама дадае прыемны момант усяму святу.
– Непарыўная сувязь з Радзімай, а значыць з нашымі каранямі, з магчымасцю дакрануцца да ўсяго святога, важнага, што ёсць. А плюс дзеці бачаць, што мы расказваем гэта не толькі на словах, а традыцыя непарыўная і жыве нават у Грузіі.
Апроч кватэраў актывістаў калядоўшчыкі завіталі на выступ беларускага кавер-гурта, дзе «каза» і «мішка» дапамагалі збіраць данаты ў дапамогу Збройных Сіл Украіны. А 27 снежня беларускія калядоўшчыкі выступілі перад украінскімі дзецьмі, што прыехалі на адпачынак у Батумі.
Беларускае Радыё Рацыя