Батумі: жыхары Аджарыі просяць закрыць мяжу з Расеяй
У цэнтры грузінскага Батумі адбылася акцыя „Грузія зачыні мяжу з Расеяй”. На цэнтральную плошчу Батумі, Плошчу Еўропы, выйшла 150 жыхароў, да якіх далучыліся ўкраінскія і беларускія актывісты.
Пра сэнс акцыі распавядае грузінскі актывіст Ніка Кашэвадзэ:
– Мы пратэстуем супраць рашэння нашага ўраду не закрываць мяжу з Расеяй. Мы бачым, што зараз вельмі многія спрабуюць уцячы ў Грузію. Стаяць кіламетровыя чэргі, канешне гэта ўсё адаб’ецца на нас, нашай эканоміцы, на нашай краіне, як сацыяльна, так і палітычна. Мы патрабуем ад ураду ў першую чаргу закрыць мяжу для грамадзян Расейскай Федэрацыі, каб у нас быў час абдумаць шляхі вырашэння нашых праьлем.
Па словах алнаго ў кіраўнікоў грузінскай партыі „Лело” Гено Тэбідзе расейцы, што бягуць у Грузію – гэта не бежанцы:
– Як мы называем гэтых людзей? Яны не ўцекачы, яны не палітуцекачы, яны не ўцекачы, як украінцы. У нас ёсць уцекачы з Украіны, вельмі шмат людзей. Нам зразумела, што нашым братам трэба дапамагаць, бо яны пазбягаюць вайны і жахаў. Нашы браты, нашы сябры з Беларусі, якія пазбягаюць ціску рэжыму Лукашэнкі.
Па неафіцыйных дадзеных на тэрыторыю Грузіі ўжо патрапіла каля 100 тысяч чалавек, на мяжы стаіць шматкіламетровы корак і расейцы на мяжы пакідаюць свае аўто і ровары і пешшу перасякаюць мяжу.
Беларускае Радыё Рацыя